Афіцыйны сайт
28 лютага 2018

Летняя аздараўленчая кампанія

   Лета не за гарамі, а значыць, перад бацькамі хутка паўстане пытанне, як арганізаваць летні адпачынак дзяцей. Добра, калі ў бацькоў, бабуль і дзядуляў ёсць магчымасць адпачываць разам з дзецьмі ўвесь летні перыяд. Але вось няўдача, сучасныя дзеці ўсё часцей і часцей разумеюць адпачынак як пастаяннае «завісанне» ў сацыяльных сетках, камп'ютарных гульнях. Выхад з праблемнай сітуацыі ёсць – раённыя аздараўленчыя лагеры!
    З 27 чэрвеня па 14 ліпеня на базе Жупранскай СШ будзе арганізавана праца раённага аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем для адораных дзяцей «Выток». Галоўная задача работнікаў лагера – «распаліць іскрынкі дзіцячай адоранасці ў полымя» і навучыць гарэць на карысць тых, хто побач. Асаблівасць лагера ў тым, што нараўне з цікавымі творчымі праектамі, актыўнымі гульнямі, экскурсіямі і паходамі, у дзяцей ёсць магчымасць падцягнуць веды па беларускай, рускай, нямецкай мовах, гісторыі, фізіцы, матэматыцы. Заняткі праходзяць у займальнай ненадакучлівай форме. На працягу ўсёй змены рабяты будуюць свае гарада ў краіне «Жупрандзія»: даведаюцца аб новых прафесіях, атрымліваюць першыя ўрокі фінансавай пісьменнасці. Пераможцамі праекта, як правіла, становяцца тыя, хто навучыўся працаваць у камандзе. Аб лагеры «Выток» можна распавядаць доўга і шмат, але лепш прыехаць і пераканацца, што гэта адзін з самых лепшых лагераў раёна.
   Атрымаць больш падрабязную інфармацыю аб лагеры можна па тэл. 75297 або на сайце Жупранскай СШ на старонцы «Лета – час адкрыццяў!». Чакаем вас з нецярпеннем!