Галоўная / Навiны / Навiны раёна
13.07.2020

Работнікі культуры праводзяць канцэрты ў вёсках Ашмянскага раёна

   Артысты самадзейнасці-заўсёды жаданыя госці ў аддаленых кутках раёна. Яно і зразумела, бо з кожным іх прыездам у населеным пункце пачынаецца сапраўднае свята, якога часам так не хапае мясцовым жыхарам. Бо далёка не ўсе могуць трапіць на мерапрыемства ці канцэрт хай нават у суседнюю вёску.
   Работнікі аддзела культуры і вольнага часу аграгарадкоў Кракоўка і Жупраны гэты факт выдатна разумеюць, а таму ліпеньскай раніцай супрацоўнікамі вырашылі падняць настрой жыхарам некаторых бліжэйшых маланаселеных вёсак. Так, яны наведалі вёскі Навашышкі, Петрулі, Дукойні і Баранцы са сваёй канцэртнай праграмай "Песня родная-душа народная".
   З дванаццаці да трох дня ў артыстаў працягвалася мерапрыемства нон-стоп. Праграма канцэртаў была разнастайнай і насычанай, жыхарам вёсак яна прыйшлася па душы. Настрой стваралі не толькі музычныя кампазіцыі ў выкананні самадзейных артыстаў, але і жарты, вясёлыя гісторыі.
   Дзякуючы падрыхтоўцы артыстаў і праяўленай цікавасці публікі гэтыя невялікія канцэрты сталі сапраўдным святам для вяскоўцаў. Многія слухачы не змаглі ўседзець на месцы-танцах быць, вырашылі яны і смела пусціліся ў скокі. Кожны творчы нумар публіка прымала з цяплом, а па завяршэнні свята адпускаць артыстаў гледачам зусім не хацелася.
   Так незаўважна, з гумарам і па-душэўнаму ў работнікаў культуры праляцелі чатыры канцэрты запар. У прыпаднятым настроі і з усведамленнем таго, што час выдаткаваны нездарма, яны вярталіся дадому і будавалі планы на новыя сустрэчы, бо разнастаіць вольны час Жыхароў маланаселеных вёсак-адна з галоўных задач клубных устаноў.

"Ашмянскі Веснік"