Свята грыбніка "Поўны кошык"

   17 верасня ў аграгарадку Крэйванцы прайшло свята грыбніка "Поўны кошык". Не гледзячы на дажджлівае надвор'е, мерапрыемства сабрала вялікую колькасць аматараў ціхага палявання, а таксама грыбных гурманаў.
     У ролі вядучых выступілі казачныя героі - касцюміраваныя грыбы. Сярод іх, усімі любімыя Баравік і Лісічка, а таксама неядомыя Бледная Паганка з Мухаморам. Мясцовыя жыхары з энтузіязмам рыхтаваліся да  мерапрыемства. Была арганізавана выстава грыбоў, сабраных для гэтага свята. У кошыках красаваліся апенькі, баравічкі, парасоны і інш. Не абышлося і без гумару. Таму сведчанне - кош прыгожых мухамораў з суправаджальным надпісам "Для любімай цешчы". Прайшла выстава-дэгустацыя традыцыйных страў беларускай кухні, у падрыхтоўцы якіх мясцовыя жыхары выкарыстоўвалі грыбы. Вучні школы падрыхтавалі малюнкі на выставу "У царстве грыбоў". Па выніках конкурсаў былі вызначаны і ўзнагароджаны пераможцы.
    Для маленькіх гледачоў прайшла гульнявая праграма. Святочны канцэрт падарылі жыхарам народныя калектывы раёна: ансамбль народнай песні "Жытніца", сямейны ансамбль "Граўжанцы", а таксама ансамбль цыганскай песні "Джана Рома".