Главная / Новости / Новости района
22.06.2020

Выстава “Мой утульны свет” адкрылася ў краязнаўчым музеі

   Лета ўсё настойлівей нагадвае аб сабе ружовымі раніцамі, залевамі з абавязковай вясёлкай напрыканцы, кветкавым водарам і птушынымі аркестрамі. Яно тут, побач з намі, хаця сёння, па пэўных прычынах, нашы думкі не даюць нам настроіцца на гэты жыццесцвярджальны лад. Нашы страхі прытупляюць слых і зрок, пагружаюць у сябе, прымушаюць засяродзіць увагу на праблемах, якія заціскаюць, як абцугі, і не дазваляюць зрабіць крок наперад.
   А там, за гэтай мяжой, нічога і не змянілася. Усё гэтак жа свеціць сонца і жывуць людзі, усмешка якіх даражэй за ўсе скарбы на свеце. Жыццё працягваецца. І нікуды не зніклі яго выразныя светлыя палотны, намаляваныя намі ж. Нездарма ж кажуць, што жыццё такое, якім мы самі яго бачым. У нашых руках і фарбы, і пэндзлі, і той настрой, з якім мы прачынаемся штораніцы.
   Наведаўшы выставу “Мой утульны свет”, якая разгарнулася на мінулым тыдні ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча, нескладана прасачыць за настроем яе аўтара – самадзейнай мастачкі Надзеі Мікелсонс.
   Яе ўнутраны свет настолькі разнастайны і багаты, што невялікая выставачная зала музея адразу ж пашыраецца, павялічваецца ў памерах. Дзіву даешся, як усяго за тры гады, менавіта тады я пазнаёмілася з творчасцю Надзеі, яна змагла так раскрыць у сабе гэты талент.
   За гэтыя гады яна не страціла жадання маляваць і развівацца. Мастачка вырасла і ў тэхніцы, і ў бачанні прасторы, і ў перадачы аб’ёму. Патрэбнасць ствараць жыве ў ёй, як жаданне любіць і быць любімай. Яе пагляд стаў яшчэ больш учэпістым і засяроджаным. Яна стараецца не прапусціць таго, што пастаянна выслізгвае, уцякае, становіцца непрыкметным. На палотнах Надзеі мала рэальных прадметаў і вобразаў. Мастачка бачыць глыбей: спрабуе адлюстраваць гук, пах, настрой. І калі сузіральнік гэта адчувае і бачыць, то яе работы пачынаюць дзіўна хваляваць і прымушаюць думаць аб мінулым, будучым і дні сённяшнім. Прычым — адначасова, як у сне.
   Над яе работамі можна завісаць, спрабуючы разгадаць іх сэнс і таямніцу. Пры гэтым ты разумееш, што дарэмна губляеш час і энергію. Яе палотны, парой – па-дзіцячы чуллівыя і цёплыя, быццам ілюстрацыі да казак, часам – сур’ёзныя і нават трывожныя, выклікаюць супярэчлівыя пачуцці.
   Унутраны свет Надзеі заўсёды цёплы, нават той, што перададзены ў шэра-чорных фарбах, як, напрыклад, “Месяцовы фрэгат”. Усмешка з’яўляецца на твары, калі сузіраеш калекцыю катоў. “Мілата”, “Весялосць”, “Бубновы кот”, “Кот-агонь” – яны такія розныя, такія прывабныя і добрыя, што хочацца дакрануцца, каб адчуць на сабе іх цяпло! На карціны «Дзень і ноч», “Нараджэнне жыцця”, “Планета Нібіру” глядзіш, як на асобны арганізм, дзе нічога нельга ні дадаць, ні адняць. Ён, як гадзіннік, дзе ўсё крохкае і незразумелае. І патрэбен час, каб разабрацца, як рухаюцца дробныя колцы і спрунжынкі. Пра няспынны бег жыцця сведчаць светлыя і пазітыўныя “партрэты” кветак: “Летняе прывітанне”, “Быццё”, “Букет самоты”, “Пухнатае сонца”… Сваім выглядам яны нагадваюць нам аб тым, што трэба спыніцца, каб заўважыць гэты тонкі і дасканалы свет. Ён існуе для таго, каб несці нам дабрыню, каб памятаць пра тых, хто мае патрэбу ў клопаце і спагадзе. І не важна, чалавек гэта, жывёла ці расліна. Трэба толькі сказаць добрае слова ці цпрацягнуць руку і – свет вакол абавязкова зменіцца.
   За тры гады трэнер па паўэрліфтынгу Надзея Мікелсонс напісала каля 400 работ у тэхніцы акрыл і акрыл-спрэй. Яна малюе не толькі на традыцыйным палатне, але і на шкле, камені, спіле дрэва. Не так даўно пачала рабіць вазы з гіпсу, якія абавязкова аздабляе раслінным дэкорам. Частка іх, дарэчы, таксама прадстаўлена на выставе. Яе фантазія не маю супакою. Таму ў двары дома пасяліўся не так даўно зялёны вусень з цэменту: зусім не страшны, з добрымі ўсмешлівымі вачыма.
   Адкрыццё выстаў у краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча заўсёды праходзяіць урачыста, з запрашэннем шматлікіх гасцей. На жаль, у сувязі са складанай эпідэмічнай абстаноўкай зрабіць зараз гэта немагчыма. Аднак музей застаўся адкрытым для наведвальнікаў. А што тычыцца выставы, то яна будзе цікавай як дарослым, так і маленькім наведвальнікам. Яна, як подых цяпла і дабрыні, якіх вельмі бракуе ўсім нам у сучаснай нялёгкай сітуацыі.

Аліна САНЮК.