Галоўная / Навiны / Навiны раёна
16.04.2021

6 мая адбудзецца адкрыццё адноўленай поўночнай вежы Гальшанскага замка

   Тры паверхі і падвальнае памяшканне ўжо амаль што гатовы для наведвання. Кожны пакой – асобная гісторыя з унікальнымі экспанатамі.
   Цэнтральнае месца на адным  з узроўнаяў паўночнай вежы займае камін, узноўлены па тэхналогіі XVII стагоддзя. Аздоба яго выканана з дапамогай вышэйшага гатунку тынкоўкі – сцюк, якая пасля застывання набывае звыштрываласць. У яе складзе — гіпс, мармуровая пудра, пясок і клей.
   Таксама ў некаторых памяшканнях праведзены роспіс частак столі і сцен.  У некалькіх месцах зроблены зандажы — для таго, каб наведвальнік убачыў аўтэнтычную цэглу, з якой будаваўся замак.
   На трэцім узроўні, апошнім, створана своеасаблівая аглядальная пляцоўка, з якой адкрываецца прыгожы від на касцёл і панарама мястэчка. Больш дэтальна карціну можно будзе разгледзіць з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў, усталяваных там.
   Ля сцен Гальшанскага замка гасцей чакае тэатралізаванае прадстаўленне артыстаў раённага цэнтра культуры. У мастацкіх замаўлёках яны прапануюць гасцям свята дакрануцца да гістарычных падзей мінулых стагоддзяў.
   На замчышчы будуць арганізаваны майстар-класы па ганчарнай справе, разьбе па дрэве, вырабе лялькаў-абярэгаў, вышыўцы і інш. Прыхільнікаў сярэднявечнай культуры чакае рыцарскі турнір, майстар-клас па сярэднявечных танцах і прадстаўленне батлейкі.
   Пасля экскурсіі па Паўночнай вежы Гальшанскага замка госці змогуць наведаць візіт-цэнтр і набыць сувеніры, створаныя рукамі майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.