Галоўная / Навiны / Навiны раёна
02.05.2023

Ашмянская валейбольная каманда-чэмпіён Рэспублікі

У Навагрудку 26-28 красавіка адбыліся рэспубліканскія спаборніцтвы па валейболе сярод дзяцей і падлеткаў 2007-2009 года нараджэння.

Прадстаўнікі 6 абласцей і горада Мінска змагаліся за званне наймацнейшай валейбольнай каманды Беларусі сярод падрастаючага пакалення.

Гродзеншчыну годна прадставіла Ашмянская каманда дзяўчат, якая напярэдадні паспяхова заявіла пра сябе на абласных спаборніцтвах.

Каманда не прайграла ніводнай сустрэчы. Выразнасць, сабранасць, арганізаванасць, засяроджанасць, правільная расстаноўка сіл, упэўненыя ўдары, спартыўнае майстэрства — вынік штодзённага ўпартай працы. Трэнер каманды Ігар Рабчанка, інструктар-метадыст Ашмянскага ФСК Пётр Давідовіч прыкладаюць намаганні для далейшага развіцця майстэрства валейбалістак і адзначаюць іх велізарнае жаданне трэніравацца і гуляць.

За каманду выступалі Аліна Бразоўская, Аляксандра Піпір, Вікторыя Раманоўская, Кіра Цяляк, Валерыя Пяткевіч, Кацярына Мароз, Лізавета Малышка, Алеся Кардзіс.

Кубак рэспубліканскіх спаборніцтваў, дыпломы, медалі, грашовыя прэміі папоўняць скарбонку ўзнагарод валейбольнай гісторыі Ашмяншчыны.