Ашмянскі краязнаўчы музей запрашае вас прыняць удзел у праекце-выставе аднаго дня
“Гісторыя мястэчка, якую расказалі яго жыхары”.
Усіх нас атачае безліч прадметаў. Часам зусім незаўважных, часам не зусім патрэбных, але калі пільна ўгледзецца ў іх, становіцца зразумелым: на іх ўспамінамі занатаваная гісторыя нашага горада і краю. Нашая гісторыя.
Надбіты сподачак можа расказаць пра часы дефіцыту і чэргі ў ашмянскіх крамах. Каляровы вымпел – пра спаборніцтвы, школьны дзённік – пра мясцовую школу, засушаная кветачка – пра каханне, каляровая паштоўка – пра юнацкія мары і спадзяванні.
Прасякнуты памяццю прадмет набывае каштоўнасць сапраўднага экспаната.
Асабістая памяць кожнага жыхара – частка агульнай гісторыі горада, бо горад – гэта не толькі сухія лічбы і даты. Горад – гэта найперш тыя, хто ў ім жыве.
З вашай дапамогай мы паспрабуем ажывіць мінулае нашага роднага горада, прымусіць экспанаты загаварыць.
Што ж ад вас патрабуецца?
Прынясіце ў музей прадмет, які звязвае яго і вас з горадам Ашмяны, а таксама напішыце ці раскажыце нам гісторыю пра яго.
Сабраныя прадметы будуць экспанаваныя на працягу тыдня, а завяршыцца ўсё агульнай сустрэчай, дзе кожны атрымае магчымасць падзяліцца з прысутнымі гісторыяй свайго прадмета.
Прадметы, пагасцяваўшы ў музеі вернуцца па сваіх дамах, зоймуць свае належныя месцы, музею ж і ўсяму гораду застанецца самае галоўнае – гісторыя. Гісторыя мястэчка, якую расказалі яго жыхары…
Прымаем прадметы і гісторыі з 11 па 14 лютага, агульная сустрэча адбудзецца 15 лютага у 15:00.
Адрас музея: Ашмяны, вул.Савецкая, 128
Тэлефон для даведак 7 67 52, 7 67 53
Чакаем вас!