Кухня – астравок спакою, зона ўладарання кожнай жанчыны. Менавіта тут гаспадыні маюць магчымасць праявіць увесь свой кулінарны талент і невычэрпную фантазію. Трапляючы на кухню, жанчына быццам бы пераносіцца ў іншую рэальнасць, адчувае сябе нязвыкла творчай і ўладарнай. Асабліва тады, калі гатуе стравы па рэцэптах сваіх матуль і бабуль.
На тэлеканале “Беларусь-3” працяглы час існуе праграма “Беларуская кухня”, галоўнай мэтай якой з’яўляецца адраджэнне кулінарных рэцэптаў нашых продкаў, зварот да традыцый і звычаяў беларусаў. Ларыса Мятлеўская, вядучая праграмы, разам са здымачнай групай аб’ехала амаль усю Беларусь, збіраючы ўнікальныя рэцэпты нацыянальных страў і дзелячыся імі з тэлегледачамі. Разам з увішнымі гаспадынямі яна гатавала безліч каларытных страў. А ў канцы жніўня вырашыла адправіцца ў Ашмянскі раён, каб запазычыць кулінарныя знаходкі ў мясцовых гаспадынь. Здымачная група накіравалася ў вёску Агароднікі да вядомай гаспадыні Тарэсы Прыбыльскай. Тарэса Іванаўна жыве ў Труханах, а ў Агародніках мае невялікае лецішча. Тут у гаспадыні ёсць усё, каб гатаваць сапраўдныя кулінарныя шэдэўры і радаваць сваіх родных.
Вось ужо паліцца печ, а Тарэса Іванаўна рыхтуе ўсе неабходныя інгрыдыенты для прыгатавання страў. Яна вырашыла здзівіць гледачоў бульбянымі зразамі, паштэтам і хатнім хлебам. Гэтыя рэцэпты жанчына пераняла ад сваёй прабабулі Стэфаніі. Так атрымалася, што рэцэпты перадаваліся з пакалення ў пакаленне па жаночай лініі. Прыемны пах з самага пачатку запанаваў на кухні, выклікаючы настальгію па дзяцінстве і прыносячы сапраўдную аслоду. У руках дбайнай гаспадыні ўсё гарыць: вось яна акуратна ачышчае цыбулю, дадае спецыі, фармуе выраб. Праз некаторы час гарачая страва ўжо гатова і чакае дэгустацыі. Кулінарка ж паспявае пры гэтым дэкламаваць свае вершы. Мяккія і шчырыя, як і сама гаспадыня, яны кранаюць кожнае сэрца.
Акрамя Тарэсы Прыбыльскай, рэцэптамі з беларускімі гаспадынямі вырашыла падзяліцца і Клаўдзія Маліноўская, прапанаваўшы гледачам страву “Клёцкі па-гальшанску”.
Ужо ў пачатку восені гледачы будуць мець магчымасць пазнаёміцца з рэцэптамі ўнікальных страў ад Тарэсы Прыбыльскай і Клаўдзіі Маліноўскай, а таксама дакрануцца да кулінарных традыцый беларускага народа на прыкладзе нашага рэгіёна.