Галоўная / Навiны / Навiны раёна
28.12.2020

Ашмянскія школьнікі прынялі ўдзел у абласным навагоднім балі

   Больш за трыццаць пар юных дараванняў Гродзеншчыны закруціліся ў вальсе на абласным навагоднім балі, які стаў чарговым яркім і цёплым мерапрыемствам акцыі "Нашы дзеці". Сярод іх і старшакласнікі СШ №2 нашага горада Данііл Пількоўскі і Анастасія Шмат.
   Вальс, Паланэз, Багемская полька і кадрыль – амаль месяц ашмянскія школьнікі рыхтаваліся да таго, каб станцаваць пад класічную музыку на чароўным пераднавагоднім свяце: развучвалі харэаграфію, выбіралі касцюм і пышную сукенку ў падлогу.
   Данііл і Насця "закаханыя" ў харэаграфію ў восьмага класа. Менавіта ў гэты час да іх прыйшла выкладаць рытміку і весці танцавальны гурток Дыяна Якаўлева. Цяпер яны наведваюць танцавальную студыю любімага настаўніка пад назвай "Дыяна", якая размясцілася ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
   Нягледзячы на шчыльны навучальны графік, у школьнікаў заўсёды знаходзіцца час на танцы. Адзінаццацікласнікі, дарэчы, актыўныя ўдзельнікі ўсіх школьных і раённых мерапрыемстваў. Гэта захапленне дапамагае дзецям у вучобе. Анастасія і Данііл-выдатнікі, прызёры і пераможцы раённых і абласных прадметных алімпіяд па англійскай і рускай мове.
   А яшчэ яны-аднакласнікі і сябры. Разам наведваюць спартыўны клуб "Сталевы горад" і лічаць, што толькі стараннасць, імкненне да пазнання і самаўдасканалення можа даць вынік.
   - Запрашэнне для нас стала нечаканасцю, - прызналіся ашмянскія школьнікі. - Для нас гэта хвалююча і адказна. Кожны, напэўна, хацеў бы апынуцца на нашым месцы. Ўзрушаючая святочная атмасфера, прыгожыя, прыбраныя і адкрытыя людзі-нам тут вельмі падабаецца! Мы шчаслівыя!

АВ