Галоўная / Навiны / Навiны раёна
18.03.2024

Ашмянцы елі бліны і даравалі крыўды. У горадзе прайшлі масленічныя гулянні

Апошні дзень Масленічнага тыдня ашмянцы адсвяткавалі ярка і гучна. Раённае свята з гульнямі і забавамі на лоўкасць, сілу і кемлівасць, з вясёлымі песнямі і конкурсамі прайшло на пляцоўцы ля раённага краязнаўчага музея.

Масленіцу нашы продкі адзначалі сем дзён. Кожны дзень Масленічнага тыдня меў сваю назву, у якую ўкладваўся пэўны сэнс. Людзі хадзілі адзін да аднаго ў госці, абавязковым пачастункам былі бліны. З цягам часу Масленіца зведала шмат змяненняў, аднак і зараз свята з’яўляецца адным з самых любімых ды вясёлых не толькі сярод дзятвы, але і дарослых.

Аб гэтым, прынамсі, паклапаціліся работнікі раённага цэнтра культуры. Пачалося мерапрыемства тэатралізаваным шэсцем, якое ўзначаліла сама Масленіца. Цэнтральнае месца ў прадстаўленні было адведзена вялізарнаму бліну, які складаўся з цэлай сотні маленькіх бліноў-сонейкаў. Удзельнікі святочнай праграмы накіраваліся да галоўнай сцэны свята, дзе сваю творчасць дарылі ашмянцам і стваралі добры настрой мастацкія калектывы ўстаноў культуры раёна.

Для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства работнікі раённага цэнтра культуры арганізавалі гульнёвую пляцоўку з цікавымі і займальнымі конкурсамі. Конкурсная праграма была зладжана і ў гарадскім скверы.

Падсілкавацца масленічнымі блінамі і шашлыкамі можна было ля палаткі раённага філіяла аблспажыўтаварыства, дзе разгарнулася вулічнае кафэ. Паспытаць лёс, згуляўшы ў бяспройгрышную латарэю, прапаноўвалі работнікі раённай бібліятэкі. Тут за сімвалічную плату можна было пачаставацца блінамі з рознымі начынкамі і сагрэцца гарачым чаем, а заадно і пагартаць кніжкі з тэматычнай выставы.

У палатцы раённага аддзела традыцыйнай культуры і рамёстваў карысталіся попытам вербачкі – вернікі каталіцкай канфесіі ўжо рыхтуюцца да свята Ўваскрасення Хрыстова.

Выставы сваіх работ разгарнулі аддзяленне для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Мясцовыя народныя ўмельцы і госці з суседніх раёнаў прапаноўвалі хатняе начынне і розныя сувеніры ручной работы.

Пасля таго, як быў з’едзены вялікі блін і вядучыя святочнай праграмы, зыходзячы з традыцыі праваслаўнай Даравальнай нядзелі, прапанавалі ўдзельнікам мерапрыемства папрасіць адзін у аднаго прабачэнне за правіннасці, настала кульмінацыя свята – спальванне пудзіла Зімы. Гэты момант сімвалізуе сабой наступленне вясны, а разам з гэтым – чаканне добрага ўраджаю і надзеі на шчаслівы бягучы год.

З заўтрашняга дня ў праваслаўных наступае Вялікі пост.