Галоўная / Навiны / Навiны раёна
20.03.2023

Ашмянцы наведалі ўнікальную выставу навукова-тэхнічных дасягненняў "Беларусь інтэлектуальная"

У Гродне адкрылася ўнікальная выстава навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная». Выставачная пляцоўка сабрала звыш 150 удзельнікаў з усёй краіны, якія прэзентуюць больш за 1000 экспанатаў.

На выставе свае дасягненні і распрацоўкі прадэманстравалі навукоўцы НАН Беларусі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, навукова-даследчых дзяржаўных і прыватных арганізацый краіны, тэхнапаркаў. Схема экспазіцый прадугледжвае дэманстрацыю двух буйных кластараў, да якіх адносяцца топ-распрацоўкі і буйныя ўзоры беспілотнай лятальнай тэхнікі і электратранспарту. Злучаюцца дзве лакацыі іншымі кластарамі, якія прадстаўляюць розныя сферы, пачынаючы ад аграпрамысловага комплексу і гуманітарных навук і заканчваючы лазернай тэхнікай, мікраэлектронікай і ваеннымі навукамі.

Азнаёміцца з дасягненнямі беларускай навукі змаглі і Ашмянцы. На выставе пабывалі навучэнцы школ раёна, аграрна-эканамічнага каледжа, прадстаўнікі працоўных калектываў.

Наведвальнікі выставы з гонарам і вялікай цікавасцю знаёміліся з унікальнымі распрацоўкамі многіх галіновых інстытутаў, ВНУ і не толькі. На дадзенай пляцоўцы можна было абмяняцца думкамі, выпрацаваць новыя прапановы, знайсці партнёраў, заключыць кантракты.