Штогадовае рэгіянальнае свята-кірмаш — гэта не толькі гандаль і выстава велікоднай атрыбутыкі, а найперш свята светлага прадчування, чыстых думак, прыемных сустрэч і добрых вестак.
Як адзначыла кіраўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмянскага РЦК Валянціна Свірская, на сёлетнім свяце ў гістарычным цэнтры Гродна можна было і душой адпачыць, і ўсебакова падрыхтавацца да Вербніцы ды Светлага Хрыстова Уваскрэсення. Велікодныя паштоўкі, саламяныя кошыкі, сурвэткі са святочнай сімволікай, традыцыйнае печыва — лепшыя ўмельцы Гродзеншчыны прывезлі ў абласны цэнтр мноства непаўторных, адзіных у сваім родзе вырабаў.
Ашмянскія майстры прадставілі на Гарадзенскім кірмашы сувеніры з прыродных матэрыялаў з велікоднай тэматыкай, вязаныя мяккія цацкі, вырабы з гліны і тэкстыльныя лялькі.
У канцэртнай святочнай праграме прыняў удзел народны калектыў “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнаг часу. Народныя фальклорныя спевы ў чарговы раз нагадалі аб самабытнасці і непарушнай шчырай любові да творчасці і роднай зямлі.