Галоўная / Навiны / Навiны раёна
17.04.2023

Да акцыі "Тыдзень лесу" далучыліся работнікі Ашмянскага райвыканкама

У Беларусі стартавала Вясновая акцыя "Тыдзень лесу", якая сёлета праходзіць у 16-ы раз і прымеркавана да года міру і стварэння. Па традыцыі ўдзел у пасадцы маладога лесу прынялі кіраўнікі і супрацоўнікі аддзелаў і службаў Ашмянскага райвыканкама на чале са старшынёй Уладзіславам Гершгорыным.

На ўчастку ў пяць гектараў, які адведзены пад хвойны лес за вёскай Баранцы, праз пару дзясяткаў гадоў зашумяць елкі і хвоі.







Большасць з тых, хто далучыўся ў гэты дзень да акцыі - не пачаткоўцы. З тэхналогіяй пасадкі, як і з мячом Колесава – вузкай сталёвай лапатай для пасадкі сеянцоў і саджанцаў лясных культур — добра знаёмыя. А таму ўжо зусім хутка пасля пачатку працы сталі выбудоўвацца стройныя шэрагі маладых соснаў і ялінак.







Як адзначыў ляснік Ашмянскага лясніцтва Мар'ян Суравец, саджанцы валодаюць добрай прыжывальнасцю, вырашчаны яны ў гадавальніку Смаргонскага вопытнага лясгаса. Так што праз некалькі гадоў месца былой высечкі будзе не пазнаць. Бо захаванне і прымнажэнне лясоў-адна з галоўных мэтаў акцыі, да якой штогод падключаюцца школьнікі, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, дэпутацкага корпуса.