Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.02.2020

Дырэктар Гальшанскага крухмальнага завода прыняў удзел у чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў

     У апошнюю нядзелю студзеня ў Мінску адбыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў.  Удзел у ім прыняў дырэктар ААТ "Гальшанскі крухмальны завод" Сяргей Чудзілоўскі.

     Як адзначыў наш спартсмен, жадаючых прабегчы дыстанцыю аказалася нямала. Удзел у забегу прынялі больш за 340 удзельнікаў з 13 краін.

     - Красоўкі і спартыўны касцюм-замест хатняй аптэчкі, вось, мабыць, і ўся падрыхтоўка, - распавядае Сяргей Дзмітрыевіч. - Актыўная спартыўная форма, цярплівасць, сабранасць, арганізаванасць, адказнасць-усе гэтыя якасці важныя як у працы, так і ў спорце. Узроставыя катэгорыі ў ветэранскіх спаборніцтвах пачынаюцца з 35 гадоў. Бег для мяне-занятак для душы, а не для рэкордаў.

     Мінскі Адкрыты чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў прынёс Сяргею Чудзілаўскаму перамогу: другое месца ў забегу на 800 метраў і трэцяе месца ў забегу на 400 метраў.

     - У выніковай табліцы чэмпіянату беларусы размясціліся на чацвёртай пазіцыі, але балы, месцы і агульныя вынікі-гэта справа не першай важнасці — - мяркуе Сяргей Чудзілоўскі. - Галоўнае-ты знаходзішся ў выдатнай спартыўнай форме, адчуваеш сябе здаровым, бадзёрым і маладым. І гэта галоўнае.

     Спартыўныя медалі, кубкі, дыпломы, граматы не толькі ўпрыгожваюць працоўны кабінет дырэктара, але і служаць паказальным прыкладам маладым, як весці здаровы лад жыцця і падтрымліваць сябе ў добрай спартыўнай форме.

     У лютым лёгкаатлет з Ашмянаў плануе прыняць удзел у Адкрытым чэмпіянаце па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў у г. Шчацін (Польшча).

Ганна Давідовіч.