Галоўная / Навiны / Навiны раёна
16.03.2023

Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адзначылі ў Ашмянах

15 сакавіка - знамянальная падзея ў гісторыі незалежнай Беларусі. Роўна год таму ўступіла ў сілу рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму. І гэта сапраўды народнае рашэнне, прынятае ўсёй Рэспублікай, якое ўнесла змяненні і дапаўненні ў асноўны Закон нашай краіны.



Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі, сабрала ў раённым Цэнтры культуры прадстаўнікоў органаў улады, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, ветэранаў працы, маладое пакаленне Ашмяншчыны.





Пачаткам святочнага мерапрыемства стала ўрачыстае выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь разам з харавым калектывам Ашмянскай ДШМ.



- Канстытуцыйны парадак — гэта падмурак стабільнасці і грамадскай згоды ў краіне, - адзначыў у віншавальным слове Старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын. - Ва ўмовах напружанай міжнароднай абстаноўкі, пагроз традыцыйнаму ўкладу жыцця грамадзяне ў 2022 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме зрабілі сур'ёзны крок на шляху ўмацавання суверэнітэту краіны. Зрабілі яго, абапіраючыся на ўласны вопыт канстытуцыйнага рэфармавання, беручы пад абарону спрадвечныя каштоўнасці, назапашаныя за шматвяковую гісторыю беларускага народа. Народа, які ў пераломныя моманты заўсёды рабіў выбар на карысць міру, стварэння і ўмацавання асноў нашай дзяржаўнасці. Прыняўшы новую Канстытуцыю, беларусы вызначылі контуры ідэалогіі сваёй дзяржавы. Самае галоўнае - мы разам узмацнілі важнейшыя ідэі, прынцыпы, мэты далейшага развіцця краіны.

Кіраўнік раёна падкрэсліў, што ў нашай краіне адукацыя, ахова здароўя, культура і спорт даступныя ўсім, краіна захоўвае сацыяльную арыентаванасць — рэалізацыя многіх дзяржаўных праграм дазваляе ўдасканальваць Парадак аказання медыцынскай дапамогі, павышаць агульнадаступнасць і якасць адукацыі, падымаць на больш высокі ўзровень дзяржаўную матэрыяльную падтрымку сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Пашыраны неабходныя ўмовы для рэалізацыі сям'ёй яе эканамічнай, рэпрадуктыўнай, выхаваўчай функцый, забеспячэння правоў дзяцей на паўнавартаснае фізічнае і духоўнае развіццё, аховы мацярынства і дзяцінства.

Жыхары Ашмяншчыны сваёй працай неаднаразова даказваюць імкненне адпавядаць лепшым паказчыкам і дасягненням у сферы народнай гаспадаркі, адукацыі, культуры, спорту. Уладзіслаў Гершгорын з упэўненасцю адзначыў, што ўсё дасягнутае – гэта вынік зладжанай работы працоўных калектываў, адказнага, прафесійнага падыходу да справы радавых працаўнікоў, спецыялістаў і кіраўнікоў усіх сфер дзейнасці.



Ва ўрачыстай абстаноўцы на раённай сцэне прымалі ўзнагароды пераможцы агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы за 2022 год. У намінацыі "Арганізацыя невытворчай сферы" дыпломам райвыканкама і грашовай прэміяй адзначана Гімназія №1 г.Ашмяны (дырэктар Вольга Саванец). За лепшую арганізацыю аховы працы і прафілактыкі вытворчага траўматызму ўзнагароды прымалі калектывы ААТ "Аграпрамтэхніка" (дырэктар Аляксандр Катовіч), Ашмянскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства (дырэктар Віталь Кастусік), філіяла "Ашмянскія электрычныя сеткі" РУП "Гроднаэнерга" (дырэктар Ігар Удалы).













З 2004 года па ініцыятыве Беларускага патрыятычнага саюза моладзі напярэдадні Дня Канстытуцыі праходзіць Усебеларуская патрыятычная акцыя "Мы – грамадзяне Беларусі!". На раённай сцэне галоўны дакумент грамадзяніна нашай краіны і кнігу «Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь» уручылі прадстаўнікам маладога пакалення Ашмяншчыны старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын і пракурор Ашмянскага раёна Сяргей Кавальчук.





Свае віншаванні ад моладзі адрасавала прысутным у зале вучаніца СШ №1 імя М.М. Гружэўскага Ангеліна Шыдлоўская.





Музычныя нумары падарылі ўдзельнікам урачыстага мерапрыемства навучэнцы і творчыя калектывы ўстаноў адукацыі горада і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры раёна.