Галоўная / Навiны / Навiны раёна
25.01.2023

«Дзеці Эйнштэйна» наведаліся ў Ашмяны

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт з’яўляецца сапраўднай кузняй настаўніцкіх кадраў. Апантанасць, творчасць, незвычайны запал нараджае ў сэрцах педагогаў гэтая навучальная ўстанова. Кожны, хто вучыцца тут, надзелены вялікім патэнцыялам. У 1966 годзе ва ўніверсітэце з’явілася традыцыя праводзіць “Зорныя паходы”, якія аб’ядноўвалі і аб’ядноўваюць апантаную і творчую моладзь. Студэнцкія атрады наведваюць розныя куткі нашай краіны, выступаюць з канцэртнымі праграмамі для школьнікаў, праводзяць выставы і майстар-класы, ладзяць сустрэчы з ветэранамі працы, наведваюць прадпрыемсты рэгіёнаў.

25 студзеня стартаваў 58-ы “Зорны паход”, мэтай якога з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. 10 атрадаў раз’ехаліся па розных вугалках нашай краіны, каб расказаць школьнікам пра свой універсітэт, падзяліцца ўражаннямі ад вучобы, прадэманстраваць свае таленты і паказаць на прыкладзе, якімі якасцямі і каштоўнасцямі павінна валодаць наша моладзь.

У наш раён прыехаў атрад фізіка-матэматычнага факультэта “Дзеці Эйнштэйна”. Дэбютнае выступленне студэнтаў адбылося на базе СШ № 1 г. Ашмяны. З прывітальным словам выступіла Ганна Клімовіч, дэкан фізіка-матэматычнага факультэта. Яна расказала прысутным пра ўніверсітэт, яго гісторыю, славутых выпускнікоў. Пасля зрабіла акцэнт на традыцыях навучальнай установы. Людміла Тухолка, намеснік дэкана па навуковай працы, заклікала паступаць у педагагічны ўніверсітэт. Школьнікі даведаліся пра новыя спецыяльнасці, выкладчыцкі састаў, магчымасці рэалізаваць свае таленты.

Яркая і насычаная праграма чакала прысутных. Будучыя настаўнікі здзівілі і ўразілі сваімі талентамі: яны выдатна спяваюць, танцуюць, па-майстэрску валодаюць музычнымі інструментамі. Прыемна, што маладыя педагогі з Ашмян таксама ўваходзяць у склад атрада. Сабіна Баяровіч, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі СШ № 3, расказала пра свой шлях у педагогіку, прыгадала школьных настаўнікаў і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, а пасля прапанавала школьнікам паўдзельнічаць у конкурсе. Цёплая і прыязная атмасфера панавала на мерапрыемстве.

На працягу трох дзён удзельнікі “Зорнага пахода” будуць наведваць школы, праводзіць канцэрты і майстар-класы, ускладуць кветкі да помнікаў загінулым у час  Вялікай Айчыннай вайны і, магчыма, дапамогуць камусьці зрабіць прафесійны выбар.