Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.02.2022

Дзевяць прызавых месцаў прывезлі Ашмянцы з турніру па спартыўна-баявых адзінаборствах

   У спартыўным клубе "чэмпіён" пад кіраўніцтвам дасведчанага трэнера займаюцца хлопцы адразу трох суседніх раёнаў: Смаргонскага, Астравецкага і Ашмянскага. Там на занятках хлопцы працуюць над развіццём сваіх фізічных здольнасцяў у багатым і займальным свеце такога віду адзінаборстваў як каратэ. Спартсмены клуба старанна займаюцца на трэніроўках, каб затым упэўнена заяўляць пра сябе на розных спаборніцтвах.

   Каля 800 спартсменаў сабраў VIII Калядны дабрачынны турнір па спартыўна-баявых адзінаборствах памяці Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, які прайшоў у Мінску. У спарткомплексе БДУФК за ўзнагароды ў спаборніцтвах па кекусінкай, таэквандо, рукапашным баі і каратэ змагаліся атлеты ўсіх узроставых катэгорый. У спаборніцтвах прынялі ўдзел і рабяты з Ашмян — выхаванцы спартыўнага клуба «Чэмпіён» і, дарэчы, выступ на татамі ў нашых землякоў ўдалося. Дзевяць прызавых месцаў прывезлі шэсць юных ашмянцаў.

   Галоўнай асаблівасцю гэтага турніру з'яўляецца яго дабрачынная місія. Спаборніцтвы праводзяцца штогод з мэтай аказання дапамогі дзецям з абмежаванымі магчымасцямі і папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Сродкі, атрыманыя ад правядзення турніру, накіроўваюцца на куплю неабходных рэчаў для дзяцей, якія пражываюць у псіханеўралагічных інтэрнатах Беларусі. Каманда клуба «чэмпіён " рэгулярна прымае ўдзел у гэтым мерапрыемстве. Нашым каратыстам удалося не толькі прывезці ўзнагароды, але і ўнесці свой уклад у добрую справу.

   Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх дысцыплінах: ката-тэхнічны комплекс практыкаванняў і кумітэ – кантактны паядынак. Трэнер каратыстаў Дзмітрый Куцько адзначае, што спартсмены «чэмпіёна» не падвялі, усе хлопцы выступілі годна, а колькасць узнагарод — таму пацверджанне.

   Спаборніцкім дэбютам стаў гэты турнір для Дамінікі Мікліс. Дзяўчынка выступала ў катэгорыі 8-9 гадоў і стала двойчы бронзавай прызёркай-заняла трэцяе месца і ў ката, і ў кумітэ.  Удалымі сталі спаборніцтвы для ўжо дасведчанага спартсмена Яўгена Сломчынскага, які прывёз дадому «срэбра» па кумітэ і «бронзу» па ката ва ўзросце 12-13 гадоў. Другое месца ў дысцыпліне кумітэ заняў Улад Заянчкоўскі, ён выступаў у катэгорыі 12-13 гадоў. Залатым прызёрам спаборніцтваў адразу і ў ката, і ў кумітэ стаў Міхаіл Рамейка. Сярэбраны медаль па кумітэ ва ўзроставай катэгорыі 16-17 гадоў атрымаў Аляксей Завадскі. Першай у дысцыпліне ката стала таксама юная каратыстка Лізавета Пецюлевіч.

   Трэнер выступамі сваіх спартоўцаў задаволены, аднак адзначае, што заўсёды ёсць над чым працаваць і да чаго імкнуцца. Наперадзе ў хлопцаў Актыўны трэніровачны працэс і, вядома, новыя перамогі.

Ашмянскі Веснік