«Не глядзі, каб хутка, а глядзі, каб добра» – так сцвярджае народная мудрасць. І гэтай прымаўкай сёння – у першы дзень выпускных экзаменаў для дзевяцікласнікаў, – напэўна, скарысталіся многія вучні школ раёна.
Гэта іх першы экзамен за школьныя гады, і хваляванняў не пазбегнуць нават выдатнікам. Спісаць не атрымаецца, не дапамогуць гаджэты і шпаргалкі – ты увесь час на відавоку ў настаўнікаў і камісіі – тут можна разлічваць толькі на сябе і свае веды, якія ты атрымліваў на працягу дзевяці класаў.
Усяго выпускнікам базавай школы сёлета трэба здаць чатыры прадметы: пісьмова рускую і беларускую мовы ў форме пераказу, а таксама матэматыку і вусна гісторыю Беларусі.
Першы пісьмовы іспыт у сярэдняй школе № 3 сёння было вырашана падзяліць паміж прадметамі: на працягу чатырох гадзін вучні аднаго класа пішуць пераказ па беларускай мове, другога – па рускай, а ў двух астатніх рашаюць заданні па матэматыцы.
Наступныя экзамены ў школах раёна пройдуць 3 і (або) 9 чэрвеня, калі дзевяцікласнікі будуць здаваць гісторыю Беларусі, а таксама 5 і 7 чэрвеня, калі школьнікі напішуць астатнія два пісьмовых экзамены.
Пажадаем ім поспехаў!