Галоўная / Навiны / Навiны раёна
26.08.2023

Героі жніва. Перадавікі ўборачнай кампаніі працягваюць прымаць віншаванні

У Ашмянскім раёне засталіся нязжатымі лічаныя гектары: па стане на раніцу 26 жніўня ў гаспадарках абмалочана 99 працэнтаў плошчаў зерневых і зернебабовых культур. І ўжо можна смела сцвярджаць, што ашмянскія аграрыі справіліся з пастаўленай нялёгкай задачай: правялі ўборку ў тэрмін і без страт.

Уборка патрабавала нямала сіл – стаміліся і людзі, і тэхніка. Аднак гледзячы на зжатыя нівы, кіраўніцтва гаспадарак і хлебаробы адчуваюць задаволенасць ад вынікаў сваёй працы. А самыя ўвішныя і старанныя працягваюць атрымліваць падзякі за важкі ўнёсак у вялікі ашмянскі каравай.

Сёлетняя ўборачная кампанія, як ніколі, вызначылася “тысячнікамі”. 16 камбайнерскіх экіпажаў і 14 вадзіцеляў на адвозцы зерня новага ўраджаю ўзялі тысячны рэкорд. А вадзіцелі КСУП “Крэйванцы” Віталій Блажэвіч і Вітольд Ясюлевіч значна перавысілі гэту планку: Вітольд перавёз дзве тысячы тон збожжа, а Віталій – ажно тры.

-Працую не адзін дзясятак год у Ашмянскім раёне, але такога высокага выніку ў нас яшчэ не было, — адзначае старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, дэпутат Гродзенскана абласнога Савета дэпутатаў Раіса Турлай.

Разам з першым намеснікам старшыні райвыканка, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў Андрэем Гардзеем яны накіроўваюцца ў КСУП “Крэйванцы”, каб падзякаваць аграрыям за старанную працу.

Пакуль вяртаецца з чарговага рэйсу Віталь Блажэвіч, дырэктар гаспадаркі Аляксей Чарняўскі не перастае хваліць свайго работніка. Безумоўна, толькі адданы сваёй справе і роднай зямлі чалавек можа ў чатыры гадзіны раніцы адправіцца ў камандзіроўку ў Гродна, а пасля вяртання адразу ж уключыцца ў работу па перавозцы збожжа.

Прыязджаю дахаты ўжо зацямна. Сіл дае падтрымка і ўвага з боку кіраўніцтва гаспадаркі, адчуванне адказнасці на сваім рабочым месцы, а таксама сям’я. Нягледзячы на тое, што нас кормяць гарачым абедам у полі, даюць падвячорак, жонка ні разу мяне не выправіла на работу без сняданку і “сабойкі”, — расказвае Віталь. – Сын таксама хоча стаць вадзіцелем. Расце працавітым і адказным хлопцам, што не можа не радаваць бацьку.

На гэтым жа полі атрымалася пагутарыць з камбайнерам Аляксеем Масевічам і яго памочнікам Максімам Сярпейкам і шчыра парадавацца за падрастаючае пакаленне. Максім у гэтым годзе скончыў дзевяць класаў гімназіі, паступіў у Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж. Лета рашыў скарыстаць не на адпачынак, а на сапраўдную мужчынскую справу. Для яго гэта добры працоўны вопыт і новы жыццёвы досвед. У тандэме з Аляксеем Масевічам Максім намалаціў тысячу тон збожжа і прымаў віншаванні ад першага намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Гардзея і старшыні райкама галіновага прафсаюза Раісы Турлай.

Словы падзякі гучалі ў гэты дзень ад кіраўніцтва раёна і гаспадаркі ў адрас работнікаў ДЭУ-57 Дзмітрыя Адашкевіча і Андрэя Бярнацкага. Старанны камбайнерскі экіпаж пацвердзіў, што можа справіцца як з работай на дарозе, так і не падвесці на жніве.

З маладым хлебаробам Даніілам Лукшам пазнаёміліся на мехдвары “Маслаўшчына” КСУП “Крэйванцы”. Ён працуе разам са старшым камбайнерам Іванам Бушмовічам. Зімой гэтага года навучэнец аграрна-эканамічнага каледжа праходзіў у гаспадарцы практыку. Данііл зарэкамендаваў сябе старанным работнікам, таму і атрымаў прапанову стаць членам гэтага сельскагаспадарчага калектыву. На камбайне “КЗС – 1218” экіпаж намалаціў тысячу тон збожжа і прымаў віншаванні ад старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрыя Карповіча.

Выказаць словы падзякі перадавікам уборачнай кампаніі прыехалі з Гродна старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Лела Шпак і галоўны тэхнічны інспектар працы галіновага прафсаюза Алена Вянцковіч. Падарункі і шчырыя віншаванні прымалі ад прафсаюза старшы камбайнер Аляксандр Сасноўскі і яго памочнік Іван Бітэль з КСУП “Гальшаны”, камбайнерскі экіпаж у складзе Андрэя Савіцкага і Часлава Блажэвіча з КСУП “Прыгранічны”, камбайнер Іван Жукоўскі з КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны”.

Для работніка Ашмянскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Івана Жукоўскага гэта жніво дваццатае – юбілейнае. Штогод ураджэнец Агароднікаў бярэ водпуск спецыяльна на час жніва, каб дапамагчы ва ўборцы хлеба гаспадарцы, якой прысвяцілі працоўнае жыццё яго бацькі.

Сямейны камбайнерскі экіпаж у складзе Генадзя Трахневіча і яго сына Аляксандра з КСУП “Кракоўка” прымаў віншаванні з тысячным намалотам ад галоўнага тэхнічнага інспектара працы абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віталія Крыштопіка і намесніка старшыні райсавета дэпутатаў, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Раісы Турлай.