Галоўная / Навiны / Навiны раёна
20.11.2023

Лепшы млынар вобласці – у Ашмянах

У аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна прайшло абласное свята млынароў. Сёлета яно стала юбiлейным – дзясятым. Удзел у мерапрыемстве прыняў творчы калектыў Ашмянскага раённага цэнтра культуры.

Падчас свята ашмянцы прадэманстравалі элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прайшлі ў святочным шэсці, прынялі ўдзел у тэатралізаваным адкрыцці і дэфіле-парадзе гаспадынь з традыцыйным хлебам хатняй выпечкі.

Хвіліны асалоды падарыў ўсім прысутным народны аматарскі калектыў —  ансамбль народнай песні «Жытніца».

Асаблівы поспех прынёс ашмянцам конкурс “Лепшы млынар Гродзеншчыны”. Рэжысёр аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Граўжышкі Эдуард Булкевіч бездакорна ўжыўся ў вобраз млынара. Падчас візітоўкі Эдуард пазнаёміў журы і шматлікіх гасцей з працэсам апрацоўкі і памолу зерня, якім традыцыйна карысталіся нашы продкі. На дапамогу яму прыйшлі адмысловыя прылады і прыстасаванні – жорны, сіта, сявенька, бязмен. Дапоўніла вобраз млынара адпаведнае адзенне.

Па выніках конкурсу Эдуард Булкевіч быў прызнаны лепшым млынаром Гродзеншчыны – дыплом першай ступені і падарункі сталі прыемнай узнагародай за захаванне асаблівасцей традыцыйнай культуры.