Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.08.2022

На Ашмяншчыне 14 камбайнерскіх экіпажаў пераадолелі тысячную мяжу па намалоце збожжа

 Самы высокі вынік, па аператыўных зводках райсельгасхарча і Ашмянскага райкама прафсаюза работнікаў АПК, у нязменных лідараў жніва — камбайнераў КСУП «Гальшаны» Пятра Познанскага і яго памочніка Івана Базыка, якія за другую дзесяцідзёнку зноў у лідарах. Яны пераадолелі намалот у дзве тысячы тон. На камбайне» Лексіён-560 " з пачатку ўборкі намалацілі 2155 тон збожжа.
Лідарамі спаборніцтваў на жніве ў другой дзесяцідзёнцы стаў экіпаж Аляксандра Сасноўскага і яго памочніка Дзмітрыя Макея. Іх вынік працы - 1810 тон. Далей след у след за сваімі калегамі ідзе экіпаж Сяргея Марачэўскага з памочнікам Ігарам Місевічам. На камбайне маркі» КЗС-1218 " іх вынік працы — 1693 тоны. Паспяхова стартаваў і стаў лепшым у спаборніцтве за перыяд з 12 па 22 жніўня экіпаж старэйшага камбайнера Юрыя гладкага і яго памочніка Аляксандра Кошчыца. Яны намалацілі 1490 тон.
Адказна і ўпэўнена працуюць вадзіцелі, занятыя на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Не саступілі пальму першынства ў другой дзесяцідзёнцы кіроўца КСУП» Гальшаны «Алег Собаль (1003 тоны) і яго калега з КРСУП» Эксперыментальная база Баруны " Чэслаў Шукеловіч (1651 тона).
Лепшая ўраджайнасць атрымана ў КСУП» Гальшаны " — 54,6 цэнтнера з гектара. У гаспадарцы абмалочана 78 працэнтаў плошчаў, намалочана больш за 11 тысяч тон збожжа.
Жніво ў раёне выйшла на фінішную прамую, і аграрыі імкнуцца выкарыстоўваць у працы кожную хвіліну, пакуль дазваляе надвор'е. Убрана з палёў 74 працэнты збожжавых, намалочана 38580 тон збожжа. Засталася самая драбніца - і фініш. На маляўнічых "Дажынках" словы падзякі за працу будуць сказаныя ўсім працавітым людзям, якія ў гэты перыяд адказна працавалі, без страт прыбіраючы хлеб.
Старшыня Ашмянскага райкама прафсаюза, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Раіса Турлай падкрэсліла, што эфектыўнасць працы залежыць ад каманды, гэта сумесны поспех. У сёлетняе жніво экіпажы працуюць з агеньчыкам ад відна да відна, без выхадных. Хлопцы маладыя, хуткія, мэтанакіраваныя. Вось і вынік у наяўнасці. Прафсаюзы падтрымліваюць такіх работнікаў і ўшаноўваюць іх.
Разам з начальнікам райсельгасхарча Андрэем Гардзеем яны сустрэліся з калектывамі экіпажаў на полі і падзякавалі за працу. Традыцыйна прафсаюзы наведваюць удзельнікаў жніва-лідараў спаборніцтваў з падарункамі і віншаваннямі. Раіса Турлай і Андрэй Гардзей уручылі перадавікам падзякі і падарункавыя сертыфікаты.