Галоўная / Навiны / Навiны раёна
13.05.2021

На планёрцы ў райвыканкаме: пытанні добраўпарадкавання, пажарная і кібербяспека

Ад свавольства — да бяды

   Штотыднёвая нарада з удзелам старшыні райвыканкама па традыцыі пачалася з аператыўнай інфармацыі па пажарнай абстаноўцы.

   Як далажыў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Горбач, у мінулы чацвер адбылося ўзгаранне надворнай пабудовы ў аграгарадку Гальшаны. У выніку пажару пашкоджана перакрыцце і дах будынка. Прычынай здарэння стала дзіцячая свавольства з агнём.

   З пачатку года гэта 14-ы пажар у Ашмянскім раёне.

Не аддавайце карту "на кручок"

   З 10 траўня ў Беларусі стартавала дэкада кібербяспекі.

   Яна ўключае ў сябе комплекс мерапрыемстваў па шырокамаштабным інфармаванні насельніцтва аб сучасных метадах і спосабах падману, якія выкарыстоўваюцца кіберзлачынцамі, мерах процідзеяння і прафілактыкі.

   Як паведаміў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Рэбо, супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзяць сустрэчы ў калектывах, дзе інфармуюць, як абараніць сваю банкаўскую карту, знаёмяць з правіламі бяспечных паводзін у сацсетках і месенджарах, нагадваюць, што супрацоўнікі банка ніколі не выкарыстоўваюць гэтыя формы сувязі.

На кантролі

   На аператыўнай нарадзе разглядаліся пытанні распрацоўкі рэгіянальных мерапрыемстваў па выкананні шэрагу Дзяржаўных праграм, ўводу ў эксплуатацыю завершаных аб'ектаў будаўніцтва, парадку і добраўпарадкавання.

   Уладзіслаў Гершгорын адзначыў нездавальняючую працу камунальнай службы па арганізацыі сцёку вады на ўчастку вуліцы Савецкай, якая падчас моцнага дажджу падвяргаецца падтаплення. Нараўне з пошукам фінансавання для рамонту дадзенага ўчастка, упэўнены кіраўнік раёна, работнікі камунальнай службы абавязаны арганізаваць адток вады праз каналізацыйныя студні.