Галоўная / Навiны / Навiны раёна
23.03.2020

Начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы камітэта дзяржкантролю правёў прыём грамадзян у Ашмянах

   Прамую тэлефонную лінію з жыхарамі Ашмяншчыны і прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў Павел Пінчук, начальнік Галоўнага ўпраўлення бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Спектр тэм, з якімі звярталіся жыхары раёна, быў разнастайным. Гараджанка Алена Сульжыцкая падчас прамой лініі акцэнтавала ўвагу на пытаннях жыллёва-камунальнага характару ў доме па вуліцы Савецкай, якія, на яе думку, да канца не вырашаны службай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Жыхар горада Аляксандр Яткевіч неаднаразова ўздымае пытанне з нагоды асфальтавання вуліцы Алега Кашавога і навядзення на ёй належнага парадку і добраўпарадкавання. Дэлегацыя жыхароў вуліцы Савецкай звярнулася на прыём у сувязі з праблемай, звязанай з рамонтам ліўневай каналізацыі на ўчастку вуліцы ад дома 139 да дома 166. У дажджлівае надвор'е падтопліваюцца дома, двары і зямельныя ўчасткі, дарога.
   - Аб гэтай праблеме ведаюць у выканкаме і ўсяляк імкнуцца дапамагаць людзям — - распавёў намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Вадзім Пашкоўскі. — Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя. На рэканструкцыю гэтага ўчастка вуліцы неабходна больш за 670 тысяч рублёў, якіх у раённым бюджэце пакуль няма. На бягучы год не гэты аб'ект уключаны ў абласную інвестыцыйную праграму.
   - Вуліца старой забудовы вузкая і нязручная. Усе працы на ёй павінны выконвацца комплексна, - адзначыў ён. - Частая адсыпка абочын прыводзіць толькі да пагаршэння сітуацыі. Ёсць надзея, што пры карэкціроўцы абласнога фінансавання, гэты аб'ект будзе ўключаны ў інвестпраграму.
   Начальнік Галоўнага ўпраўлення бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Павел Пінчук з выездам на месца асабіста азнаёміўся з праблемамі, агучанымі грамадзянамі. На асабісты кантроль былі ўзятыя і іншыя пытанні, якія паднялі Ашмянцы.

Ганна Давідовіч.