Цёплым майскім вечарам Гальшанскі замак сабраў аматараў гісторыі, жыхароў аграгарадка і турыстаў ля сваіх сцен. Ноч музеяў распачало мерапрыемства “На тэрыторыі прывідаў”.Тэатралізаваны пралог захапіў і здзівіў гледачоў. Перад іх вачыма паўсталі гістарычныя постаці, а таксама падзеі, якія мелі месца некалькі стагоддзяў таму.
Акунуцца ў свет музыкі прысутных запрасілі выкладчыкі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Класічныя кампазіцыі гучалі ўзнёсла, а незвычайная атмасфера пераносіла ў іншую эпоху.
Затым усе жадаючыя маглі прыняць удзел у інтэрактыўнай экскурсіі з элементамі містыкі “Тэрыторыя прывідаў”. Многія выкарысталі магчымасць акунуцца ў мінулае, даведацца больш пра гісторыю мястэчка, замак, радавод князёў, што ў розныя часы тут жылі.
Завяршылася мерапрыемства дэманстрацыяй фільма “Чорны замак Альшанскі”. Прагляд кінакарціны праходзіў непасрдна ля сцен замка. Гэта дадало таямнічасці, выклікала адпаведныя эмоцыі.
Удзельнікі свята мелі магчымасць сфатаграфавацца з гістарычнымі постацямі і прайсціся па тэрыторыі замка.