Жнівень, што хіліцца да захаду, прыспешвае аграрыяў завяршаць уборачную кампанію. Высокія тэмпы жніва станоўча ўплываюць на вынікі – з кожным днём папаўняюцца не толькі засекі, але і шэрагі лідараў.
На днях тысячнікі вызначыліся ў КСУП “Кракоўка”. З новым статусам хлебаробаў павіншавалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Гардзей, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Раіса Турлай.
Так супала, што ўсе лідары аказаліся па прозвішчы Суравец: Станіслаў, які працуе ў гаспадарцы больш за дваццаць гадоў, а таксама яго сыны – Аляксандр і Аляксей. Для старэйшага Аляксандра сёлеташняе жніво дзясятае па ліку: пяць год ён быў памочнікам, а пасля ўзначаліў камбайнерскі экіпаж. Поруч з ім зараз працуе Сяргей Пяткевіч. Малодшы з сям’і Сураўцоў – Аляксей – як і мінулыя гады, на час уборкі ўзяў адпачынак на чыгунцы і дапамагае бацьку, восьмы сезон працуе памочнікам камбайнера. На рахунку кожнага з экіпажаў – больш тысячы тон намалочанага збожжа.
Вадзіцель-тысячнік Валерый Суравец таксама прымаў падзякі, кветкі і грашовыя сертыфікаты ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Да віншаванняў Андрэя Гардзея і Раісы Турлай далучылася і Наталля Шаблыка, якая выконвае абавязкі дырэктара КСУП “Кракоўка”. Валерый Суравец адзначыў, што амаль трыццаць год кіруе аўтамабілем, столькі ж прымае ўдзел у жніве і штогод становіцца тысячнікам.
— Зразумела, трапіць у лідары дапамагае добрая ўраджайнасць і надзейная тэхніка. Аднак і ўласная зацікаўленасць тут адыгрывае не апошнюю ролю. Заўсёды стараюся рабіць сваю справу сумленна, — заўважае Валерый і спяшаецца за руль свайго МАЗа.
Тым часам накіроўваемся ў КСУП “Гальшаны”, каб павіншаваць мясцовых рупліўцаў. Чарговую ў сваім жыцці тысячу тон запісалі ва ўласны актыў Генрых Скаржынскі і яго памочнік Андрэй Давідовіч. Словы ўдзячнасці адрасавалі старанным аграрыям першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Гардзей, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Раіса Турлай, якія ўручылі падзякі і падарункі. Да віншаванняў далучыўся кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Скаржынскі.
Не засталася па-за ўвагай і праца вадзіцеля ААТ “Аграпрамтэхніка” Сяргея Красевіча. Падчас жніва ён традыцыйна дапамагае гальшанскім аграрыям у адвозцы зерня. Сёлета перавёз ужо больш за тысячу тон. Кветкі і падарункі мужчыне ўручыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Кацярына Талочка.
Прыемная місія ўшанавання працы хлебаробаў працягнулася на полі за вёскай Дружба. Камбайнер СУП “АграГродзі” Анатоль Спірыдовіч намалаціў тысячу тон зерня, а зараз перасеў на сеялку – ў гаспадарцы ўсе справы важныя і тэрміновыя.