Галоўная / Навiны / Навiны раёна
23.09.2021

Падведзены вынікі конкурсу "Парад калясак. Цудамабіль -2021"

Значны ўклад у падрыхтоўку і правядзенне юбілейнай даты ўнеслі ўстановы адукацыі Ашмяншчыны.
Калектывы школ і дзіцячых садкоў праявілі шмат фантазіі ў вырабе кветкавых кампазіцый, яркія астраўкі якіх сталі ўпрыгожваннем горада ў святочны дзень. Увагу гасцей прыцягнулі турыстычныя банеры. Слаўныя месцы роднага краю: Нявесцін камень, пункт дугі Струвэ, касцёлы ў Гальшанах і Барунах, Гальшанскі замак і Жупраны, непарыўна звязаныя з імем Францішка Багушэвіча, паказалі вучні Жупранскай, Кальчунскай, Гальшанскай школ, Барунскага і Навасёлкаўскага КПК.
Падчас святочнага шэсця замілаванне выклікалі расквечаныя яркімі шарамі калоны з дашкалятамі і першакласнікамі, і кранальны вальс старшакласнікаў. Аднак самым запамінальным момантам свята стаў парад "цудамабіляў". У раённым творчым конкурсе, арганізаваным аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і упраўленнем адукацыі, прыняло ўдзел 40 сем'яў.
Цуд тэхнічнай думкі канкурсантаў быў вельмі складана ацаніць: усе ўдзельнікі заслугоўвалі ўвагі. Разам з тым сярод устаноў дашкольнай адукацыі перамогу атрымалі сем'і Аксаны і Аляксандра Аляшкевіч (Гальшанскі Яслі-сад), Святланы Лежневіч (Жупранскі Яслі-сад), Алены Скібы (Кракаўскі Яслі-сад), сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — Віктара і Святланы Амбражэвіч (СШ № 3), Наталлі і Сяргея Пілецкіх (Дакурнішскі КПК), Рамана і Наталлі Кухаравых (Цудзенішскі КПК).