Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.03.2023

Памяць аб Хатыні - у нашым сэрцы. У аграгарадках Ашмянскага раёна прайшлі мітынгі-рэквіемы

Сёння, у 80-ю гадавіну трагедыі ў Хатыні, даніну памяці загінулым жыхарам "Вогненнай вёскі" і ўсім ахвярам страшнай вайны аддалі не толькі жыхары горада, але і сельскіх населеных пунктаў Ашмяншчыны. Ва ўсіх аграгарадках сіламі работнікаў культуры і адукацыі былі арганізаваны мітынгі-рэквіемы, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў мясцовай улады, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, школьнікі і выхаванцы дзіцячых садкоў. Усіх прысутных на гэтых мерапрыемствах аб'ядналі агульны боль і смутак, а таксама надзея і вера ў тое, што такая трагедыя больш ніколі і нідзе не паўтарыцца.



Для ўсіх беларусаў Хатынь - сімвалічнае месца, дзе не трэба нагадваць, які можа быць кошт за мір. Сюды едуць з усёй Беларусі, з розных куткоў планеты. Бо гэта яшчэ адна магчымасць зазірнуць у мінулае, яшчэ раз задумацца пра будучыню. Хатынь, як і тысячы іншых вёсак, уваскрэсла ў камені, у званочным звоне, у нашых сэрцах. Памятаць пра гэтае месца беларускага смутку заклікалі ўдзельнікі мітынгаў.





У знак падзякі за мірнае неба над галавой, у памяць аб земляках, расстраляных і спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны, прысутныя ўсклалі кветкі да падножжа помнікаў і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.