Урачыстая літургія і асвячэнне вярбы адбылося ў храме Уваскрэсення Хрыстова ў Ашмянах.
Сёння праваслаўныя пазнаюць адзін аднаго па галінках вярбы ў руках. Цэрквы, вуліцы, хаты расфарбаваныя рознаквеццем вербных букецікаў. У гэтым годзе яны асаблівыя – аздобленыя трапяткой кволай лістотай. Нават і ўпрыгожвання ў выглядзе яркіх стужак і штучных кветак не патрабуюць. Вясновае лісце сімвалізуе абуджэнне прыроды і адраджэнне жыцця, якое кожны з нас павінен прайсці з Богам у сэрцы.
Акрамя шчырых віншаванняў са святам сёння паўсюдна гучалі пажаданні міру. Міру і гармоніі ў душы, у кожным доме і на нашай планеце. А ён залежыць ад кожнага з нас, ад нашай любові да Бога і саміх сябе.
Акропленыя святой вадой галінкі вернікі размяшчаюць ля іканастаса: да наступнай Вербніцы яны будуць абараняць жытло ад нядобрай сілы.
Вербная нядзеля – знак нашага прывітання Хрысту. Заўтра пачынаецца тыдзень вялікіх выпрабаванняў, якія, згодна з Пісаннем, выпалі на долю Ісуса. Вернікі падзяляюць іх па-свойму: на Страсную сядміцу самы строгі пост, асаблівая малітва і пакаянне. А затым – Уваскрэсенне Хрыстова!