Галоўная / Навiны / Навiны раёна
12.07.2021

Свята кветак прайшоў у аграгарадку Краковка

   З 2017 года Кракаўскім аддзелам культуры і вольнага часу штогод у сярэдзіне ліпеня праводзіцца свята кветак. Выключэннем стаў, па зразумелых прычынах, толькі 2020-ы год, а ў гэтым-Кветкавая феерыя зноў закруціла вяскоўцаў і гасцей аграгарадка.
   Пра тое, што трапляеш у царства кветак, становіцца зразумела, як толькі ступаеш на тэрыторыю Кракаўскага аддзела культуры і вольнага часу – яны растуць і расстаўленыя ўсюды: на клумбах, уздоўж дарожкі, упрыгожваюць ганак цэнтра, якое ў гэты вечар стала сцэнай, Кветкавы лейтматыў вытрыманы ва ўсім – ад афармлення выстаў да фотозон, не кажучы ўжо пра тэматыку песень і конкурсаў. Уваход на тэрыторыю кветкавага царства аформлены ў выглядзе аркі з кветак. У яе ўваходзілі не толькі жыхары і госці аграгарадка Кракоўка, але і ўсе ўдзельнікі кветкавага балю, сведкамі якога ў гэты вечар сталі гледачы. Першай на свята прыбыла Флора (Таццяна Чэрская). Услед за ёй-першыя кветкі (юныя жыхары Кракаўкі Маргарыта і Мікіта Бабойць, Адэліна Буйноўская, Ульяна Кетрыс, сятрычкі Надзея і любоў Свірбутовіч). Яны з дапамогай музычнага кіраўніка Кракаўскага ясляў-сада Алены Клінцэвіч прадэманстравалі ўсе свае таленты - і ў танцы, і ў спевах, і ў дэманстрацыі калекцыі мадэляў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «летні настрой». Кветкамі змаглі пабываць і гледачы балю, якія стварылі жывы букет жыхароў аграгарадка, прытрымліваючыся ўказанняў Флоры і вядучых-кветачніц (Святланы Ганусевіч і Валянціны Горыд). У вобразе кветак, а пазней-мадэляў выступілі Ульяна Астрамовіч, Вераніка Гарлуковіч, Карына Буйноўская, Дыяна Бенедысюк, Алёна Кудзіна, Ганна Бондарава, Міхаіл Шчучко.
   Актыўнаму ўдзелу гледачоў у конкурсах на свяце спрыяла і свая волюту-фларыкі.  Назапасіўшы 10 і больш фларыкаў можна было атрымаць прыз ад арганізатараў свята.
   Свята сабрала не толькі жыхароў аграгарадка, але і аб'яднаў намаганні работнікаў культуры амаль усяго раёна. Гальшанскі, Граўжышкоўскі, Кальчунскі, Жупранскі аддзелы культуры і вольнага часу актыўна ўдзельнічалі ў пастаноўцы нумароў. Дзякуючы ім на сцэне з'явіліся Васіліса-Васілёк з Гальшан, чмель Барыс з жонкай Златай і Браткі з Граўжышак, Папараць-кветка з Кальчун. Загадчыца Будзёнаўскага аддзела культуры і вольнага часу стала адной з вядучых свята, Навасёлкаўскі аддзел культуры забяспечыў музычнае суправаджэнне вечара. Прыемным сюрпрызам для гледачоў стаў канцэрт, падрыхтаваны намаганнямі работнікаў аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Бялкоўшчына Смаргонскага раёна.
   Работы мясцовых жыхароў, якія прынялі ўдзел у конкурсе кветкавых кампазіцый «я люблю кветкі», не толькі ўпрыгожылі свята, але і былі адзначаны дыпломамі і падарункамі.  Пераможцам конкурсу стала кампазіцыя "Маршрут № 5 " Будзёнаўка – Кракоўка", выкананы Янінай Фірка.
   Конкурс малюнкаў на асфальце прыцягнуў юнае пакаленне не менш, чым атракцыёны і надзіманыя батуты з Ліды. Пераможцамі сталі Таццяна Ларына, Караліна Лепехо, любоў Трон.
   Свята скончылася дружным карагодам з праходам праз арку кветак і любові і сумесным выкананнем беларускіх бытавых танцаў «Млын», «На рэчаньку», «Кракавяк» у рамках абласнога праекта «Этнабум», да якога актыўна далучыліся ў Кракоўцы.
   Кветкавая феерыя, задуманая творчым калектывам аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка, атрымалася на выдатна. Лепшай ацэнкай вечара можна лічыць водгукі мясцовых жыхароў « " малайцы, дзяўчынкі!».
   А гледачоў хацелася б пабольш…

Ашмянскі Веснік