Галоўная / Навiны / Навiны раёна
21.06.2021

«Цягнік Перамогі» наведалі рабяты з Ашмян

   Ва ўнікальным перасоўным музеі ў Гродне пабывалі ашмянскія школьнікі. Дзякуючы "цягніку Перамогі" -маштабнаму гісторыка-асветніцкаму праекту, створанаму ў рамках святкавання 75 — годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў і правядзення Года памяці і славы ў Расіі, - хлопцы ў прамым сэнсе дакрануліся да гісторыі вайны.
   Уся экспазіцыя, размешчаная ў дзевяці вагонах, - інтэрактыўная. "Эфект прысутнасці", суправаджэнне аўдыягіда, аб'ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, спецыяльныя датчыкі, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці, кіназдымка гістарычных рэканструкцый, трохмерная камп'ютарная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі дапамаглі ўдзельнікам экскурсіі перанесціся на шмат дзесяцігоддзяў таму і на свае вочы ўбачыць тое, што адбывалася.
   Успомніць Подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і адчуць эмоцыі асобных людзей: ваенных і мірных жыхароў-жанчын, дзяцей, вязняў, медыкаў – змаглі хлопцы, накіроўваючыся з вагона ў вагон. Маршрут па "цягніку Перамогі" - гэта пераход ад аднаго эпізоду да іншага: перадваенныя гады – Вялікая Айчынная вайна-Перамога.
   - "Цягнік Перамогі" - гэта ўнікальная выстава — - адзначылі пасля экскурсіі хлопцы. - Нас, як і ўсіх жадаючых наведаць цягнік, арганізатары падзялілі на групы па 10 чалавек, на працягу маршруту суправаджалі валанцёры. У кожным вагоне мы пачулі кароткую гісторыю жудасных часоў вайны. Асобы васковых фігур, як жывыя, перадаюць увесь боль і жах тых часоў.
   Не хавала сваіх эмоцый і навучэнка 8 " А " класа СШ №1 г. Ашмяны імя М. М. Гружэўскага Ульяна Лугін, якая прызналася, што ўпершыню пабывала ў такім музеі. Пасля ўбачанага і пачутага, адзначыла дзяўчынка, усе, хто пабываў у цягніку, дакладна будуць памятаць пра вайну.
   - Мне вельмі спадабаўся "цягнік Перамогі". Упэўненая, што такі фармат падачы інфармацыі, а менавіта персанальныя навушнікі з аўдыгідам, нашмат лепш і цікавей, чым экскурсавод, бо ў слухаўках падаюцца гукі аўтаматаў, шум цягніка, якія трапляюць прама ў душу, - распавяла вучаніца 8 " А " класа СШ №1 г. Ашмяны імя М. М. Гружэўскага Ангеліна Вішнеўская. — Таксама вельмі цікава слухаць гісторыю жанчыны, якая бачыла вайну ўласнымі вачыма. У гэтым цягніку настолькі рэалістычна зробленыя ўсе скульптуры, дакладней людзі, што месцамі становіцца не па сабе ад іх мёртвых поглядаў. Я дакладна не пашкадавала, што паехала на гэтую экскурсію, бо гэта было незабыўна.
   "Цягнік Перамогі" прабудзе ў Гродне 19 і 20 чэрвеня, з яго экспазіцыямі змогуць пазнаёміцца паўтары тысячы гродзенцаў і жыхароў рэгіёна.

Ашмянскі Веснік