Галоўная / Навiны / Навiны раёна
02.06.2021

У Ашмянах адсвяткавалі Міжнародны дзень абароны дзяцей

   Па традыцыі гулянні прайшлі ў гарадскім парку. Тут раскінуўся сапраўдны дзіцячы гарадок, у які з розных школ горада прыйшлі хлапчукі і дзяўчынкі, іх настаўнікі і бацькі. Усіх чакала насычаная святочная праграма, якую падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра культуры і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
   Звонкія дзіцячыя галасы, шчаслівыя ўсмешкі на тварах, гарэзны смех і нават доўгачаканае летняе цяпло нагадалі аб тым, што пачаліся канікулы. Выдатны настрой на працягу ўсяго свята стваралі ласуны-ласунак (Лізавета Сальнікава), шакаладка (Дыяна Бенедисюк) і Карамелька (Валянціна Горыд). Разам з ласунамі хлопцамі "набылі" квіток у лета і адправіліся на імправізаваным цягніку на доўгачаканы адпачынак. На кожнай станцыі яны весяліліся, танцавалі і спявалі. Дапамагалі ім юныя артысты з розных школ горада, якія выканалі некалькі музычных кампазіцый, а гледачы, усміхаліся, і не шкадуючы далоняў, апладзіравалі.
   З радасцю хлапчукі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў конкурсах і віктарынах, адгадвалі загадкі, кружылі ля палаткі з вырабамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. З цікавасцю разглядаючы рэчы, пазнавалі ў рамеснікаў, як яны ствараліся. Дарэчы, на памяць аб Свяце кожны з іх змог набыць сувенір, зроблены рукамі ўмельцаў.

Ашмянскі Веснік