Галоўная / Навiны / Навiны раёна
01.10.2023

У Ашмянах педагогаў павіншавалі з прафесійным святам

Педагагічная прафесія лічыцца адной з найбольш высакародных, бо штодня настаўнікі даюць не толькі веды і ўменні, але яшчэ выхоўваюць, накіроўваюць, дапамагаюць рабіць першыя жыццёвыя крокі. Гэтую прафесію абіраюць толькі самыя апантаныя і неабыякавыя людзі, якія ўмеюць па-сапраўднаму любіць сваю справу, гарэць ёю. Яны не баяцца цяжкасцей і перашкод, верныя свайму слову.

Кастрычнік адзначаны прыгожым святам усіх апантаных рупліўцаў – Днём настаўніка. Свята нагадвае аб важнасці педагога ў жыцці кожнага чалавека. У гэты дзень педагогі асабліва ўсмешлівыя і прыгожыя, яны атрымліваюць віншаванні ад вучняў і іх бацькоў. Аднак не толькі вучні дзякуюць у гэты дзень за добрыя веды і выхаванне. Настаўніцкая праца адзначаецца на дзяржаўным узроўні.

29 верасня ў прасторнай зале СШ №1 імя М.М. Гружэўскага прайшло святочнае мерапрыемства для педагогаў. Каляровыя фотазоны ўпрыгожылі фае навучальнай установы, а настаўнікі, адкалаўшы надзённыя справы, імкнуліся зрабіць першыя святочныя фотаздымкі. Канцэрт распачаўся музычнай пастаноўкай, якая распавяла пра будні педагога. Часам змучаны, а часам поўнасцю абяссілены, ён не перастае любіць сваю працу, імкнецца несці добрае, чыстае, вечнае. Музычныя нумары ў выкананні школьнікаў падбадзёрылі залу, стварылі святочную атмасферу. Твары настаўнікаў, што знаходзіліся ў глядацкай зале, былі асабліва светлымі і ўсмешлівымі.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дэпутат Ашмянскага  раённага Савета дэпутатаў, першы намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Гардзей. Андрэй Валер’евіч адзначыў вырашальную ролю педагога ў жыцці грамадства, яго адказнасць за выхаванне новага пакалення. Пасля ён ад усяго сэрца павіншаваў настаўнікаў і ветэранаў педагагічнай працы са святам і ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” быў узнагароджаны настаўнік працоўнага навучання Мураванаашмянкоўскай сярэдняй школы Генадзій Швабовіч. Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала настаўніца хіміі гімназіі №1 Вольга Вінцкоўская. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 г. Ашмяны Данута Янцэвіч атрымала грамату Міністэрства адукацыі.

Важнае месца ў школе адводзіцца ўсебаковаму развіццю асобы, выхаванню пазнавальных здольнасцей. Многія настаўнікі на працягу доўгага часу рыхтуюць вучняў да алімпіяд і паказваюць выдатныя вынікі. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №3 Святлана Лабачэўская – з іх ліку. За высокія дасягненні яна была адзначана дыпломам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Ганаровымі граматамі Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў былі ўзнагароджаны Валянціна Шаверда, настаўніца гісторыі Барунскай сярэдняй школы, і Антаніна Чайка, настаўнік-дэфектолаг СШ №1 г. Ашмяны. Ганаровай граматай Ашмянскага райвыканкама былі адзначаны дырэктар Крэйванцаўскай сэрэдняй школы Генадзій Гіль, настаўніца матэматыкі СШ №1 Вераніка Пашкевіч, настаўніца матэматыкі Навасёлкаўскай СШ Яўгенія Аляхновіч.

Падзячныя лісты старшыні Ашмянскага райвыканкама атрымалі апантаныя педагогі і выхавацелі: настаўніца беларускай мовы Кальчунскай сярэдняй школы Наталля Аўсюкевіч, выхавальніца Гальшанскага дзіцячага садка Данута Скаржынская, загадчыца аддзела Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Вайцяхоўская.

Начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская падзякавала педагогам за іх працу, руплівасць і творчасць. Яна пажадала кожнаму здароўя, сіл, энергіі і творчага запалу. А самым актыўным уручыла ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Узнагароды атрымалі Галіна Сарока, Зоя Шчарбачэня, Наталля Рабушка. Граматы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта атрымалі Алена Пракаповіч, Святлана Бітэль, Кацярына Млыноўская, Ганна Дэрвіс, Тэрэза Хацілоўская, Ганна Адамовіч, Ірына Андрыловіч. Вялікая колькасць педагогаў атрымала ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама.

Аляксей Дэрвіс, старшыня райкама прафсаюза адукацыі і навукі, уручыў узнагароды актывістам арганізацыі. А Вольга Саванец адзначыла актывістаў грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. У фае педагогаў віншалі члены ГА “БРСМ” і ўручалі ўдзельнікам святочнага канцэрта невялікія сувеніры. Мерапрыемства яшчэ раз нагадала педагогам аб іх вялікай вартасці і неабходнасці для грамадства.