Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.12.2020

У Ашмянах прайшла сустрэча-дыялог пакаленняў "Памяць сэрца"

   У Ашмянскай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча-дыялог пакаленняў "памяць сэрца". У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Астрамовіч, старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Бельчанка, першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ Вікторыя Прэцкайла-Місюта, старшыня арганізацыйна-метадычнай камісіі раённага Савета ветэранаў, а таксама дзіця вайны Людміла Андрончык, члены моладзевага парламента і актывісты ГА БРСМ Ашмянскага раёна.
   Удзельнікі мерапрыемства разважалі і выказвалі сваё меркаванне аб патрыятызме, павазе да гісторыі краіны, захаванні памяці аб вялікім подзвігу народа і асабістым укладзе кожнага земляка. Кацярына Астрамовіч у сваім выступе звярнула ўвагу на недапушчэнне гераізацыі нацызму і нецярпімасці да яго сімвалаў, а Людміла Андрончык падзялілася ўспамінамі пра падзеі 1941-1944 гадоў і заклікала маладое пакаленне да абдуманасці сваіх учынкаў, каб не дапусціць падобных падзей у будучыні.
   Таксама ў рамках сустрэчы прайшоў мітынг-рэквіем з аднайменнай назвай - "Памяць сэрца". Удзельнікі дыялогу ўсклалі кветкі і пакінулі лампады ля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, што знаходзіцца ў гарадскім парку.
   У гэты ж дзень група ў складзе старшыні райсавета дэпутатаў Мікалая Квяткевіча, Кацярыны Талачкі, Кацярыны Астрамовіч, Андрэя Клышэўскага і Вікторыі Прэцкайла-Місюты наведала масавае пахаванне перыяду Другой сусветнай вайны ва ўрочышчы Бартэлі Жупранскага сельскага Савета.
   Старшыня Жупранскага сельсавета Андрэй Клышэўскі распавёў, што на тым месцы было расстраляна парадку шасцісот чалавек – мірных жыхароў габрэйскай нацыянальнасці.
- Калі мы адзначаем розныя знакавыя даты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, то, абавязкова, не павінны пакідаць без увагі і такія "месцы Сілы", як дадзеныя масавыя пахаванні, - сказаў старшыня.
   У 1976 годзе на гэтым месцы была ўсталяваная Стэла, якая з часам пачала разбурацца. Не так даўно фонд памяці ахвярам нацыстаў Беларусі аказаў спонсарскую дапамогу ў вырабе новага помніка, а сельвыканкам сумесна з замацаванымі за аб'ектам арганізацыямі, якія даглядаюць гэтае месца, - Ашмянскімі электрычнымі сеткамі і КСУП "Кракоўка" аказалі дапамогу ва ўсталёўцы.
   На месцы масавага расстрэлу прысутнымі былі ўскладзеныя кветкі і запаленыя лампадкі.

АВ