Галоўная / Навiны / Навiны раёна
04.12.2023

У Ашмянах прайшло тэматычнае мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў “Дарыце людзям дабрыню”

Па традыцыі 1 снежня, у Дзень інвалідаў, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна сумесна з раённым цэнтрам культуры зладзілі цёплую сустрэчу для людзей з інваліднасцю. У зале сабраліся сацыяльныя работнікі, наведвальнікі дзённага аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў,  грамадзяне пажылога ўзросту з горада і раёна, інваліды і іх блізкія.

Прывітаць прысутных прыйшлі намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Ганна Язель, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Ірына Губарава, дэрэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лілія Невяркевіч, настаяцель храма Уваскрэсення Хрыстова ў Ашмянах протаіерэй Георгій Муха, вікарый касцёла Святога Міхаіла Архангела ў Ашмянах Павел Шэмет.

У сваім выступленні Ірына Губарава  падкрэсліла, што сёння прыкладаюцца вялікія намаганні для забеспячэння роўнасці людзей-інвалідаў, паляпшэння якасці іх жыцця, забеспячэння належных умоў для поўнага і раўнапраўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. Сёння ў раёне пражываюць 1854 інваліды, 60 % працаздольных інвалідаў выкарысталі магчымасць мець работу. З 2007 года паступова ідзе работа па  стварэнні даступнага безбар’ернага асяроддзя.

Як ніхто іншы ведаюць, праблемы інвалідаў работнікі тэрытарыяльнага цэнтра  сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дырэктар цэнтра Лілія Невяркевіч зазначыла, што работнікі сацыяльнай службы выступаюць гарантам забеспячэння правоў інвалідаў і  працуюць над пашырэннем сацыяльных паслуг у нашым раёне. Дзеці-інваліды маюць магчымасць вучыцца як у агульнаадукацыйных установах, так і ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Маладыя інваліды праяўляюць свае здольнасці і магчымасці, наведваючы аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. Працуюць аддзяленні кругласутачнага і дняўнога знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, сацыяльную дапамогу ў хатніх умовах атрымлівае 21 інвалід.

Протаіерэй Георгій Муха напомніў, што значэнне слова “інвалід” – “слабы”, але  гэта не адпавядае рэчаіснасці. Часам інвалід валодае такой духоўнай моцай, што можа стаць  прыкладам любому здароваму  чалавеку, які наракае на жыццё і паддаецца роспачы.

Усе людзі шукаюць павагі, цеплыні, разумення. А часта, каб зрабіць добрую справу, не трэба вялікіх намаганняў – шчырая ўсмешка і словы спагады могуць даць чалавеку крылы. Вікарый Павел Шэмет пажадаў прысутным як мага часцей сустракаць у жыцці людзей, якія бескарысна прыдуць на дапамогу.

Шмат цёплых і добрых слоў прагучала ў адрас людзей з інваліднасцю за іх прагу да жыцця, нязломнасць і творчую актыўнасць. Сведчаннем гэтаму стала выступленне наведвальнікаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. Разам з загадчыкам аддзялення Аленай Каткоўскай, педагогам-псіхолагам Алесяй Карповіч, кіраўніком гуртка Аленай Матылевіч яны падрыхтавалі яскравы танец, з якім напярэдадні выступілі і на абласным фестывалі маладых інвалідаў “Калі мы разам – мы мацней!”, які прайшоў у Свіслачы. Ля ўвахода ў залу працавала выстава “Мы – таленавітыя” гуртка “Папялушка”, які дзейнічае на базе гэтага ж аддзялення. Работы стваралі святочны пераднавагодні настрой і ўражвалі дабрынёй і цяплом.

Не пакінулі ў зале абыякавых вершы самадзейнай паэткі Генуэфы Кеўры. Жанчына, якая амаль страціла зрок, не страціла веру, не наракае на лёс, а жыве насычаным жыццём і піша вершы, поўныя любові да людзей, горада, прадчування святаў  і спадзявання на лепшае.

Цёпла прымалі прысутныя словы вядучых мерапрыемства Аліны Кеды і Яўгенія Фурсы, а таксама выступленні Эдуарда Горыда, Канстанціна Яраша, Міхаіла Шчучкі, Любові Шчарбаковай, Анастасіі Станкевіч, якія падарылі сустрэчу з любімымі і кранальнымі песнямі і паднялі настрой, каб жыць далей і рухацца наперад, насуперак усім вятрам.