Галоўная / Навiны / Навiны раёна
11.06.2021

У Ашмянах прайшоў раённы выпускны вечар

   Раённы выпускны вечар пасля перапынку, выкліканага распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, зноў становіцца традыцыйным гарадскім святам адзінаццацікласнікаў. Сімвалічна, што вяртанне выдатнай традыцыі адбылося ў Год народнага адзінства. А сёння пад пільным вокам бацькоў, настаўнікаў і гараджан ўчорашнія школьнікі станцавалі вальс, атрымалі свае ўзнагароды і развіталіся з дзяцінствам.
   Павітаць 157 выпускнікоў прыйшлі прадстаўнікі ўлады, духавенства, кіраўнікі навучальных устаноў, грамадскіх арганізацый. Старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын павіншаваў выпускнікоў, а лепшым вучням уручыў прэміі «Надзеі Ашмяншчыны». Кіраўнікі раённых грамадскіх аб'яднанняў таксама ўзнагародзілі самых актыўных падарункамі і падзякамі. Начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская павіншавала выпускнікоў і педагогаў. Разам са старшынёй райвыканкама і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Маркевічам яны правялі цырымонію ўзнагароджання залатымі медалямі 40 выпускнікоў.
   Далей урачыстасць працягнулася ў школах раёна, дзе хлопцы атрымалі з рук дырэктараў устаноў адукацыі галоўныя для іх на сённяшні дзень дакументы – атэстаты.
   Прыбраныя хлопцы ў касцюмах з матылькамі і гальштукамі, дзяўчынкі ў вячэрніх сукенках з прычоскамі і макіяжамі-яны, здаецца, пасталелі за дзень адразу на некалькі гадоў, але ўсмешкі і погляды ўсё тыя ж. І вось атэстат сталасці ўжо ў руках, а наперадзе доўгая, напоўненая падзеямі, жыццёвая дарога. У гэтых дзяцей усё яшчэ толькі пачынаецца.
   Наперадзе ў выпускнікоў яшчэ ўступныя выпрабаванні, якія, хочацца верыць, стануць для дзяцей удалымі, падарыўшы «білет» у будучую прафесію – студэнцкі білет навучальнай установы мары.

Ашмянскі Веснік