Галоўная / Навiны / Навiны раёна
30.09.2020

У Ашмянах пройдзе традыцыйны турнір па гандболе на прызы алімпійскага чэмпіёна Андрэя Барбашынскага

   Два тыдні засталося да маштабнага спартыўнага свята, якое ўжо стала традыцыйным у нашым раёне-з 15 па 18 кастрычніка ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў Ашмянах пройдзе традыцыйны турнір па гандболе на прызы алімпійскага чэмпіёна Андрэя Барбашынскага.
   Спартыўная падзея звычайна праводзілася вясной, аднак з-за распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі турнір 2020 года арганізатарамі было вырашана перанесці на восень. Аднак COVID-19 усё роўна ўнёс свае карэктывы: у адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі спаборніцтвы былі міжнароднымі, сёлета турнір будзе насіць статус рэспубліканскага.
   На гульнявой пляцоўцы сустрэнуцца юнакі 2004-2005 гадоў нараджэння. Восем наймацнейшых каманд з розных куткоў краіны пазмагаюцца за галоўны Кубак турніру. Удзельнікаў спаборніцтваў, як заўсёды, чакае мноства падарункаў і незабыўных уражанняў.