Галоўная / Навiны / Навiны раёна
17.04.2023

У Ашмянах у чарговы раз прайшоў вясновы кірмаш

Напярэдадні светлага свята праваслаўных вернікаў – Вялікадня ашмянцаў запрасіў за пакупкамі вясновы кірмаш. У скверы на плошчы 17 Верасня можна было набыць і пачастункі для святочнага стала, і саджанцы на прысядзібны ўчастак, і рознага кшталту сувеніры, посуд, прылады для кухні.

У палатцы Ашмянскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства бойка гандлявалі мяснымі паўфабрыкатамі і рулетамі, а таксама кулічамі. Шмат хто прапаноўваў зялёную цыбулю і радыску. Яе, дарэчы можна было набыць і па тры з паловай рублі, і па два з паловай. Пайшла ўніз і цана на цыбулю. За кілаграм зялёных вітамінаў прасілі 10 рублёў. Прапаноўвалі гаспадары і свае яблыкі па два рублі, якія добра захаваліся да гэтага часу, а таксама грэцкія арэхі.









Вясна – час набыць бульбу на насенне, а таксама папоўніць запасы на ежу. Кошт кілаграма другога хлеба вагаўся ад 50 да 80 капеек. Мясцовыя фермерскія гаспадаркі прывезлі на продаж гатункі «Каралева Ганна», «Гала», «Вега», «Паролі”.

Жанчыны прыцэньваліся да ярка-жоўтых і барвовых прымулаў-мнагалетнікаў, якія стануць упрыгожаннем любога палісадніка, а мужчынам хацелася набыць саджанцы вінаграду. “Лора”, “Супага”, “Агат данскі”, “Алешанькін” – кожны з гэтых гатункаў хацелася завесці на сваім участку, каб частаваць затым сям’ю і гасцей.











Напярэдадні свята карысталіся попытам плеценыя кошычкі розных памераў як з лазы, так і з модных зараз газетных трубачак.

Пасцельныя прыналежнасці і бялізну прапаноўвалі работнікі УП «Ашмяны-быт». Сувеніры можна было набыць у майстрых аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмянскага РЦК, а таксама цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Гліняныя рэчы, драўляныя прылады для кухні, вязанае кручком адзенне, біжутэрыя ручной работы прасіліся да пакупкі. І ашмянцы не скупіліся – таргаваліся і рабілі набыткі на радасць сабе і сваім родным.