Галоўная / Навiны / Навiны раёна
08.09.2021

У Ашмянах упершыню прайшоў форум для пажылых людзей па скандынаўскай хадзе "Шагаем разам"

   Аматары гэтага віду спорту і балельшчыкі сабраліся ў мінулую пятніцу на гарадскім стадыёне па вуліцы Чкалава.
   Скандынаўскай хадзе як віду спорту больш за восемдзесят гадоў. Упершыню практыкаваць хаду з палкамі яшчэ ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя пачалі фінскія лыжнікі падчас міжсезонных трэніровак.
   Сёння гэтым відам спорту займаюцца не толькі лыжнікі, але і тыя, хто хоча быць здаровым, скінуць лішнюю вагу, умацаваць мышцы і нармалізаваць ціск. Не па чутках пра цуды скандынаўскай хады ведаюць і актыўныя Ашмянцы. Для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту ТЦСАН Ашмянскага раёна заняткі скандынаўскай хадой ужо на працягу некалькіх гадоў сталі добрай традыцыяй і карысным баўленнем часу. Яркія і цікавыя спаборніцтвы не ў навінку і для наведвальнікаў ТЦСАН Астравецкага і Іўеўскага раёнаў, якія прыехалі на форум у наш горад.
   Адкрылі форум наведвальніцы аддзялення, удзельніцы хору ветэранаў (кіраўнік Ірына Осмольская) – Ганна Грышан, Святлана Брадоўская, Галіна Селістроўская, Марыя Макевіч, Гражына Швабовіч і Таццяна Біціца. Пад акампанемент Юрыя Брашкі жанчыны выканалі песню "Ашмяншчына", якую прысвяцілі юбілею горада, і запальныя прыпеўкі аб скандынаўскай хадзе.
   З павучальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуліся намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Кухарэвіч і дырэктар ТЦСАН Ашмянскага раёна Лілія Невяркевіч.
   - Дваццаць пяць адсоткаў насельніцтва нашага раёна з'яўляецца атрымальнікамі пенсій — - адзначыла Лілія Мікалаеўна. - Дзяржаўная падтрымка для пажылых людзей з кожным годам павялічваецца. Адным з апошніх дакументаў, які накіраваны на падтрыманне здароўя грамадзян пажылога ўзросту, з'яўляецца Нацыянальная стратэгія " актыўнае даўгалецце-2030», у рамках якога праводзяцца культурна-забаўляльныя, спартыўна-масавыя і іншыя мерапрыемствы. Скандынаўскі форум-адно з іх. Дадзены форум на Ашмяншчыне праходзіць упершыню і ўпэўненая, што ён стане традыцыйным і будзе з году ў год прымаць у нашым горадзе аматараў скандынаўскай хады.
   Дзякуючы намаганням, сіле волі і добраму настрою каманд-удзельніц і арганізатараў свята дружбы і спорту атрымалася насычаным і цікавым. За ходам спаборніцтваў уважліва сачылі работнікі фізкультурна-спартыўнага клуба Іван Шэпет, галоўны суддзя спаборніцтваў, Пётр Давідовіч, Ксенія Дарашэвіч і Валерыя Пшэннік.
Забыўшыся на час аб шаноўным узросце, ашмянкі ўпэўнена і з азартам прымалі ўдзел у эстафетах. У складзе нашай каманды выступілі Людміла Барташэвіч (капітан), Людвіга Гружэўская, Людміла Гайдаровіч, Галіна Грэсь, Леакадыя Кавалеўская і Тамара Карповіч.
   У камандным заліку ашмянкі занялі другое месца, саступіўшы Астравецкаму раёну, на другім радку і ў індывідуальным заліку апынулася наша зямлячка Валянціна Масілевіч. Усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі граматы, Медалі і памятныя падарункі.
   Завяршыў форум вялікі флэшмоб з яркімі чырвонымі і зялёнымі шарамі, прысвечаны Году народнага адзінства. Дарэчы, форум аб'яднаў два пакаленні-пажылых людзей і навучэнцаў аграрна-эканамічнага каледжа, якія прыйшлі падтрымаць спартсменаў.
  Пасля спаборніцтваў аматараў скандынаўскай хады з трох раёнаў у аддзяленні чакалі душэўныя размовы і святочнае чаяванне, якое дапамаглі арганізаваць мясакамбінат, сырзавод і райпо.
   Работнікі аддзялення Аксана Біцель, Ларыса Сурынава і Людміла Барабанава ўпэўненыя, што пасля форуму колькасць прыхільнікаў скандынаўскай хады і ўдзельнікаў спаборніцтваў па гэтым відзе спорту стане больш, а наш раён будзе аб'ядноўваць пажылых спартсменаў з розных рэгіёнаў.
   Арганізатары форуму выказваюць падзяку за дапамогу ў правядзенні спаборніцтваў спартсменам і балельшчыкам, фізкультурна-спартыўнаму клубу, раённаму Цэнтру культуры, дзіцячай школе мастацтваў і цэнтральнай раённай бальніцы.