Галоўная / Навiны / Навiны раёна
18.06.2021

У Ашмянскім раёне ідзе нарыхтоўка кармоў

   Гаспадаркі актыўна ўключыліся ў косавіцу, разумеючы, што першы ўкос-самы важны. Насталае цяпло спрыяе хуткаму росту траў — якія прайшлі дажджы-сакавітасці і вазе зялёнай масы.
   Як адзначаюць спецыялісты, чэрвеньскія травы знаходзяцца ў аптымальнай фазе для ўборкі і таму марудзіць ніяк нельга. Варта аператыўна зрэзаць траву на піку спеласці, каб яна хутка адрасла да другога ўкосу.
   Адпраўляемся ў поле, каб ацаніць працу зялёнага канвеера і пазнаёміцца з яго непасрэднымі ўдзельнікамі. Пах свежаскошанай травы адчуваецца на пад'ездзе да вёскі Жодаўка, дзе масава вядуцца работы па корманарыхтоўцы ў КСУП «Крэйванцы».
   На гэтым участку ў Жодаўцы на шлязе зялёнай масы старанна працуюць у дзве змены механізатары Уладзімір Павілойць, Іван Даўлевіч і Дзмітрый Стурліс. За працоўны дзень закладваюць у траншэю 535 тон сенажу.
   Якасць закладкі кармоў - на штодзённым кантролі спецыялістаў. Яны сістэматычна вырабляюць замеры тэмпературы пры закладках зялёнай масы, бяруць пробы для правядзення экспертызы на прадмет вызначэння пажыўнай каштоўнасці кармоў. Як адзначыў Сяргей Лапшоў, галоўны ветурач, замер тэмпературы сведчыць аб тым, што тэхналагічныя параметры закладкі ў гэтай траншэі вытрымліваюцца. Тэмпература складае 30 градусаў. Гэта добры паказчык пры закладцы сенажу з травы-бабовай сумесі і канюшыны. Каб сянаж увесь год захоўваўся свежым і духмяным, неабходна строга выконваць тэхналогію.
   На адвозцы зялёнай масы задзейнічана 8 адзінак тэхнікі. Здрабняюць травы Мар'ян Міцкевіч і Аляксей Тарасевіч. Здробненая зялёная маса бесперапынным патокам адпраўляецца ў кузаў "Джон Дзіра" Валянціна Субача. Услед за трактарам чакае сваёй чаргі Транспарт Віталя Яжэвіча і Ігара Муха. На суседнім полі зграбанне скошанай травы ў валокі даверана трактарыстам Пятру жаўтку і Івану Баркоўскаму, касьба-Івану Бушмовічу, Генадзю Шавелю, Аляксею Масевічу. Усе працы аднолькава важныя: і на сяўбе, і на корманарыхтоўцы, а не за гарамі ўборка збожжавых-усюды неабходна працаваць з поўнай аддачай. Частка зялёнага корму прама з поля паступае на фермы. Багатыя бялком травы-тое, што трэба для здаровага харчавання дойных кароў.
   У кароткі абедзенны перапынак механізатары нешматслоўныя, аднак адзначаюць, што настроены рашуча і да канца чэрвеня першы ўкос траў плануюць завяршыць. На палях аб'яднанай гаспадаркі ў гэтую гарачую пару працуе 39 механізатараў. У іх ёсць усё, каб рэалізаваць запланаванае, а галоўнае — аператыўнасць, працавітасць і адказнасць.
   У гаспадарцы на зімоўку жывёлам трэба будзе нарыхтаваць 21 тысячу тон сенажу, 23 тысячы тон сіласу, бо на 300 павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, жывёлаводы зацікаўлены ў якасных кармах, нарыхтаваных у поўным аб'ёме. У гэтым сезоне на стойлавае ўтрыманне неабходна нарыхтаваць не менш 28 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Пасля поўнай закладкі траншэі ў Жодаўцы, механізатары пераедуць на палі ў Талмінаве, Навасяды, дзе працягнуцца работы па корманарыхтоўцы.

Ашмянскі Веснік