Галоўная / Навiны / Навiны раёна
05.11.2023

У Ашмянскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі арганізавана выстава да Каляд

Усе, хто ў гэтыя дні наведаў Ашмянскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, меў магчымасць перанесціся ў іншую рэальнасць – калядную. З парога наведвальнікаў сустракаюць снегавічкі, каза-калядоўшчыца, усмешлівы цмок. Здаецца, што калядныя святы ўжо зусімблизка.

Асаблівае месца займаюць ёлачныя цацкі, выкананыя ў розных тэхніках. Кожная – ўнікальная і непаўторная, у кожнай ёсць свая маленькая гісторыя. Уражваюць і святочныя вянкі. Сімвалічныя кольцы маюць варыянтнасць: некаторыя зроблены з паперы, некаторыя – з тканіны, іншыя ж – з ваты і дэкаратыўных галінак.

Выстава калядных вырабаў праходзіць у межах рэспубліканскай выставы-конкурсу “Калядная зорка”. Мерапрыемства стала традыцыйным: у ім прымаюць удзел вучні ўсіх устаноў адукацыі нашага раёна. Удзел у конкурсе дапамагае развіваць творчыя здольнасці, мастацкія таленты, уменне бачыць прыгожае ў звычайных рэчах.

Акрамя таго, рыхтуючыся да выставы, школьнікі больш даведваюцца пра самае прыгожае і таямнічае свята – Каляды. Ашмянскія майстры ў гэтым годзе праявілі сябе ў поўную сілу. Ірына Буйніцкая, дырэктар цэнтра творчасці, зазначае:

-У гэтым годзе працы нашых канкурсантаў надзвычай высокага ўзроўню. Яны выкананы дасканала з тэхнічнага боку, маюць эстэтычны знешні выгляд. Калядныя вырабы не паўтараюцца, у кожнай рабоце ёсць свая адметнасць. Гэта вельмі радуе. Акрамя “Каляднай зоркі”, у нас арганізавана выстава ў межах конкурсу “ТэхнаЁлка”. Юныя творцы зрабілі сапраўдныя шэдэўры: ёлкі з металу, дзвярных ручак, дыскаў і дыскет – кожная работа патрабавала фантазіі і вялікіх высілкаў. З дапамогай педагогагаў са сваёй задачай дзеці справіліся выдатна.