Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.06.2021

У гарадской бібліятэцы арганізавана кніжная выстава, прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны

   "Вайна праз сэрцы пакаленняў" - пад такой назвай у гарадской бібліятэцы арганізавана мабільная кніжная выстава, прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
   На ёй сабраны кнігі і матэрыялы, прысвечаныя тым далёкім гадам. На працягу доўгага часу бібліятэчныя работнікі збіралі ўспаміны ветэранаў вайны, якія жывуць у нашым горадзе і раёне. Вынік іх працы выліўся ў альбом, які супрацоўнікі бібліятэкі прадставілі для азнаямлення чытачам. Ёсць на выставе унікальны экспанат – гэта кніга «Брестская крепость» Сяргея Смірнова з яго асабістым аўтографам, якую перадалі ў дар бібліятэцы чытачы. Вядома, знойдуцца жадаючыя пазнаёміцца ці зноў перачытаць кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка "я з вогненнай вёскі". Аформлена выстава з выкарыстаннем гістарычных артэфактаў, такіх, напрыклад, як, газета "Чырвоная зорка", выдадзеная ў пераможным 1945 годзе. Элементамі гістарычнай інсталяцыі з'яўляюцца каска, планшэт, кавалак калючага дроту.
   - Чым больш праходзіць гадоў, чым больш ты жывеш на зямлі, тым больш глыбока пачынаеш асэнсоўваць мінулае. Без гісторыі няма будучыні. Вось чаму так важна шанаваць тое, што мы маем, можам працаваць, гадаваць дзяцей і ўнукаў. Важна заўсёды памятаць, што заслуга ў гэтым тых людзей, якія паклалі жыцці за свабоду і незалежнасць Радзімы. У нашай сям'і з вайны не вярнуўся дзядуля Аляксей Нішчыменка, які загінуў у красавіку 1945 года, пахаваны ў Польшчы. Мне асабліва важна, каб усе людзі памяталі, якой цаной дасталася Вялікая Перамога. І не забывалі дзень пачатку вайны, як чорны дзень у гісторыі нашай Айчыны — - падзялілася загадчыца бібліятэкай Людміла Зарэцкая.
   Трэба аддаць належнае-чытачоў заўсёды прыцягваюць цікавыя выставы, якія пастаянна арганізуюцца ў гарадской бібліятэцы з мэтай прапаганды кніжнага фонду.

Ашмянскі Веснік