Галоўная / Навiны / Навiны раёна
07.06.2021

У легендарным мястэчку Гальшаны зарадзілася новая традыцыя-музычныя вечары ля сцен замка Сапегаў

   У суботні вечар для гальшанцаў і гасцей аграгарадка работнікі раённага цэнтра культуры падрыхтавалі мноства сюрпрызаў і нечаканых падарункаў.
   Пачалося ўсё з тэатралізаванага прадстаўлення, падчас якога госці змаглі сустрэцца з Паўлам Сапегам і Соф'яй Гальшанскай, легендарнымі Белай Дамай і Чорным Манахам.Пад гукі атмасфернай сярэднявечнай музыкі ў промнях заходзячага сонца героі вечара распавялі гісторыю Гальшанскага краю ў легендах і паданнях.
   Акунуцца ў эпоху Сярэднявечча гасцям дапамог майстар-клас па танцах. Разам з дамамі ў сукенках гістарычнай эпохі госці з задавальненнем станавіліся ў круг і весела, і забіяцка вучыліся простым сярэднявечным танцах.
   І дарослыя, і дзеці прынялі ўдзел у сярэднявечных забавах, а самыя спрытныя і адважныя з іх змаглі атрымаць сувеніры ад Соф'і Гальшанскай. Для юных аматараў гісторыі і містыкі работнікі гісторыка-краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча падрыхтавалі займальную квэст-гульню.
   Для ўсіх жадаючых былі арганізаваны майстар-класы па традыцыйных рамёствах, падчас якіх госці вечара атрымалі ўнікальную магчымасць даведацца сакрэты народных майстроў, палюбавацца працэсам вырабу ганчарных вырабаў, цацак ручной працы і лялькі-абярэга. Любы жадаючы змог на час стаць сапраўдным майстрам і зрабіць сувенір сваімі рукамі. Кожны мог набыць на памяць аб сяброўскай сустрэчы ля сцен замка і гатовы выраб ручной працы.
   На працягу вечара ўдзельнікі і госці мерапрыемства маглі пачаставацца наварыстай юшкай і духмяным калючая гарбатай, самыя маленькія — паспрабаваць любімы ласунак — папкорн і салодкую вату.
   Тыя, хто яшчэ не паспеў наведаць абноўленую Паўночную вежу, з цікавасцю блукалі па лесвіцах, якія апяразваюць вежу, з задавальненнем заходзілі ў музейныя пакоі, разглядалі экспанаты і рабілі здымкі на памяць. Госці змаглі пабываць у падвальным памяшканні і на ўсіх трох паверхах вежы, на кожным з іх чакалі займальныя і таямнічыя апавяданні экскурсаводаў.
   Калі руіны замка Сапегаў ахутала вячэрняя цемра, яго сцены і адрэстаўраваная Паўночная вежа патаналі ў промнях пражэктараў, а цішыню парушала аўтэнтычная інструментальная музыка скрыпкі, флейты і саксафона. Гледачы з захапленнем слухалі, як у кампазіцыях таленавітых музыкаў Ірыны Асмольскай, Вікторыі Клімчанкі, Аляксандра Пашкоўскага і Уладзіміра Саўчанкі ажывала Гісторыя замка.
   Заключным і самым яркім акордам вечара стаў выступ саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі, мультыінструменталіста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Ігара Задарожнага. Гледачы не шкадавалі апладысментаў і шчырых усмешак, выконвалі любімыя кампазіцыі разам з музыкам.
   Аднак, барытон здолеў здзівіць гасцей сустрэчы віртуозным выкананнем класічных і сучасных кампазіцый на крыштальнай арфе — інструменце, сабраным з вінных куфляў. Зачаравальная магія вады, шкла і рук маэстра, далікатны і вытанчаны гук — нікога не пакінулі абыякавым. Затаіўшы дыханне, слухалі гальшанцы і госці аграгарадка кампазіцыі, выкананыя на яшчэ адным інструменце ... піле. Адзін спрытны рух рук Ігара Задарожнага і піла з будаўнічага інструмента ператваралася ў музычны.
   На гэтым сюрпрызы не сканчаюцца — 19 чэрвеня гасцей ля сцен замка Сапегаў будзе сустракаць сама Соф'я гальшанская. У праграме традыцыйнага вечара-выступ музычнага калектыву «Арацэя», гістарычнага клуба «Шатландская пяхота», а таксама шматлікія майстар-класы, светлавое шоу і іншыя сюрпрызы ад арганізатараў.

Ашмянскі Веснік