Галоўная / Навiны / Навiны раёна
15.12.2021

У СШ № 3 прайшла сустрэча з Андрэем Барбашынскім

   У аўторак сярэдняя школа № 3 стала моладзевай пляцоўкай, галоўным героем якой быў наш зямляк алімпійскі чэмпіён Андрэй Барбашынскі. Падчас сустрэчы са знакамітым госцем хлопцы ўздымалі тэмы, якія хвалююць не толькі іх у прыватнасці, але і ўсё грамадства ў цэлым.
   У пачатку сустрэчы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Данута Янцэвіч адзначыла, што цяперашнія старшакласнікі – гэта стратэгічны рэсурс, будучыня нашай краіны і ад іх усебаковага развіцця залежыць, якой стане наша Беларусь праз некалькі гадоў. Сучасная школа, падкрэсліла яна, вучыць дзяцей быць не проста добрым вучнем, а актыўным грамадзянінам сваёй краіны.
   Дарэчы, падобныя сустрэчы праходзяць у школе на пастаяннай аснове і Андрэй Станіслававіч тут часты госць.
  Падчас дыялогу хлопцы закранулі пытанне, каго можна лічыць сапраўдным патрыётам, а каго – не. Андрэй Барбашынскі ў адказ распавёў пра свой шлях да алімпійскага медаля, пра тое, як складвалася яго кар'ера пасля атрымання гэтай узнагароды, і падкрэсліў, што лічыць сябе патрыётам, бо, нягледзячы на ўсе магчымасці і прапановы застацца за мяжой, вярнуўся на Радзіму і працягнуў займацца любімай справай. Андрэй Станіслававіч падкрэсліў, што ў мінулым годзе выступаў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі падчас перадвыбарчай кампаніі, агітаваў за яго падчас сваіх паездак па гарадах Беларусі.
   Таксама хлопцаў цікавіла, Чым жыве і займаецца Андрэй Барбашынскі пасля завяршэння сваёй спартыўнай кар'еры. Госць распавёў аб тым, што ў яго ёсць свая фірма, на якой працуе каля двухсот чалавек. Абмеркаваў ён з хлопцамі і развіццё спорту ў малых гарадах, паразважаў пра будучыню айчыннага спорту, распавёў пра нялёгкі шлях у вялікім спорце.
   У канцы сустрэчы ён падкрэсліў, што дасягнуць поспеху можна толькі праз працавітасць, мэтанакіраванасць і вернасць сваім ідэалам-тады ўсё атрымаецца!

Ашмянскі Веснік