Галоўная / Навiны / Навiны раёна
18.09.2021

Урачыстае шэсце на юбілеі горада Ашмяны

Сёння Ашмяны святкуюць юбілей – 680 год з дня свайго заснавання. Заўтра гэта дата стане чарговай старонкай яго гісторыі, багатай на падзеі і слынных асоб, а зараз жыхары Ашмян разам са шматлікімі гасцямі ўзгадваюць, як адбывалася станаўленне горада – ад сівой даўніны да нашых дзён.
Ашмяны ўпершыню ўзгадваюцца як валадаранне Гедыміна, таму адкрывае ўрачыстае шэсце вершнік ў вобразе вялікага князя Літоўскага.
Адна за другой змяняюцца старонкі гісторыі — праходзяць стагоддзі, якія аказваюць свой уплыў на развіццё нашага краю.
Акцэнт падчас урачыстага шэсця робіцца на перыяд уз’яднання заходняй часткі нашай краіны з БССР і падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Нялёгка прыйшлося нашаму гораду і яго жыхарам, аднак ашмянцы выстаялі і адбудавалі родны горад.
Ашмяны прадаўжаюць расці і развівацца. Новы тэмп жыццю задаюць дзеці. Яны – наша будучыня, наш заўтрашні дзень.
Упрыгожваюць урачыстую калону дзеці ў стылізаваных вазках. Конкурс «Цудамабіль – 2021”, арганізаваны ўпраўленнем адукацыі, становіцца ўпрыгожаннем свята.
Прадаўжаюць шэсце дашкольнікі, першакласнікі і выпускнікі, якія танцуюць вальс.
Складнікам шчаслівага горада з’яўляюцца яго здаровыя жыхары. Менавіта таму на Ашмяншчыне шмат увагі ўдзяляецца развіццю фізкультуры і спорту. У калоне праходзяць выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Іх паказальныя выступленні – сведчанне таго, што ў горадзе ёсць каму працягваць спартыўныя традыцыі.
Далей у калоне праходзяць вучні дзіцячай школы мастацтваў і творчыя калектывы ўстаноў адукацыі. Шмат музыкаў, мастакоў, аматараў танца і тэатральнага мастацтва ўзгадавана на ашмянскай зямлі.
Будучае будаваць маладым – пад такім дэвізам стройнымі радамі праходзяць прадстаўнікі грамадскага аб’яднання БРСМ. Колькасць Ашмянскай раённай арганізацыі  складае сёння 1498 человек.
На тэрыторыі Ашмянскага раёна звыш 70-ці год рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў аграрна-эканамічны каледж. Навучэнцы гэтай установы разам з выкладчыкамі працягваюць святочную калону.
Віталі ашмянцы сельскагаспадарчыя арганізацыі і ААТ «Аграпрамтэхніка», якія складаюць аснову аграпрамысловага комплексу раёна.
Сёння Ашмяны – гэта горад развітай прамысловасці, аб чым засведчылі калектывы ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», філіял «Ашмянскі сыраробны завод» ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», УП «Ашмянскі дражджавы завод», ААТ «Белкава», Ашмянскі філіял аблспажыўтаварыства, ААТ «Будаўнік», ААТ «Радыётэхніка».
Арыгінальна паказаў сябе калектыў аўтапарка №13 і РУП ЖКГ. Зайцы-безбілетнікі і танец з кантэйнерамі для смецця сталі фішкай урачыстага шэсця.
У святочнай калоне прайшлі калектывы Ашмянскіх электрычных сетак, РЭС, работнікі паштовай сувязі, газавай гаспадаркі, раённай бальніцы, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела ўнутраных спраў і ваенкамата.

АВ