Галоўная / Навiны / Навiны раёна
07.08.2024

Хлебаробы Ашмяншчыны прымалі падзякі ад раённага аддзялення партыі «Белая Русь» і прафсаюза

Нягледзячы на капрызы надвор’я, якое дабаўляе клопатаў хлебаробам, на Ашмяншчыне працягваецца ўборачная кампанія. Штодня рупліўцы хлебнай нівы шчыруюць на палетках, дбаюць пра ўраджай. Хтосьці сустрэў ужо 20, 30, а то і 50-е жніво ў сваім жыцці, а некаторыя толькі пачынаюць свой хлебны шлях.

Старанна працуюць, набіраючыся вопыту і неабходных ведаў, моладзевыя экіпажы. Два з іх задзейнічаны ў аграрна-эканамічным каледжы. Яўген Шаблавінскі разам з памочнікам Антонам Каваленка на камбайне “Палессе GS 1218” намалацілі 576 тон зерневых і рапсу. На рахунку Кірыла Плаўскага і Яўгена Травіцкага — 603 тоны. Адвозку зерня з хлебных ніў каледжа забяспечваюць Віктар Дземідовіч і Дзмітрый Тамяловіч.

Каб заахвоціць моладзь і падзякаваць ёй за добрасумленную працу, на поле завіталі старшыня раённага аб’яднання Беларускай партыі «Белая Русь» Святлана Баркоўская, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Шыдлоўская, галоўны спецыяліст аддзела Кацярына Талочка. Рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі прадугледжвае шэраг мер па павышэнні матывацыі маладых людзей, іх прафарыентацыі, замацаванні на першых працоу́ных месцах.

— Шчыры дзякуй вам за стараннасць і мэтанакіраванасць, за ваш унёсак у агульны каравай, — звярнулася да маладых аграрыяў Святлана Баркоўская і пажадала ім моцнага здароўя, дабрабыту і плённых вынікаў.

Прыемным дадаткам да слоў удзячнасці сталі кветкі і падарункі.

За адказнасць і дапамогу сельскай гаспадарцы Святлана Баркоўская, Раіса Турлай, Вольга Шыдлоўская і Кацярына Талочка падзякавалі таксама вадзіцелям Дзмітрыю Калеснікаву, Аляксандру Семяненку, Андрэю Макуцэвічу, якія у́ гэтым сезоне працуюць на адвозцы зерня ў КСУП «Гальшаны».