Галоўная / Навiны / Навiны раёна
08.10.2023

Захавальнік гісторыі і душы. Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча

У кожнага з нас ёсць месца, куды мы наведваемся з вялікім задавальненнем. Нават растлумачыць не можам, чаму так атрымліваецца, але ногі самі вядуць туды. Гэтым месцам можа быць цэлы горад, нават краіна, а можа быць зусім невялікая ўстанова ці куток, дзе супакойваюцца думкі і жыццё набывае іншы сэнс.

Такім месцам душэўнага супакаення з’яўляецца для мяне Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча, знаёмства з якім адбылося некалькі дзясяткаў гадоў таму.

За гэты час установа змяніла сваё месца жыхарства, амаль цалкам абнавіўся яе калектыў, аднак па-ранейшаму тут спакойна і ўтульна. Мне (як і любому наведвальніку) тут заўсёды рады: нават не важна, прыйшоў ты на чарговую выставу ці проста завітаў, каб распытаць, чым жыве музей сёння.

Не так даўно музейная сям’я павялічылася. Зараз аматараў гісторыі Ашмянскага краю і знатакоў даўніны сустракае таксама філіял музея «Гальшанскі замак».

За невялікі час ён стаў турыстычнай меккай Ашмяншчыны. Руіны замка Сапегаў, авееныя рознымі міфамі і легендамі і ўспетыя Уладзімірам Караткевічам, прывабліваюць турыстаў з розных куткоў Беларусі, краін бліжняга і дальняга замежжа. Толькі ў гэтым годзе ў Гальшаны наведалася больш за 17000 челавек.

Дзякуючы дзяржаўнаму фінансаванню сёння замак уяўляе сабой турыстычны аб’ект з развітай інфраструктурай: музейнай экспазіцыяй і назіральнымі пляцоўкамі, візіт-цэнтрам, дагледжанай тэрыторыяй з малымі архітэктурнымі формамі, санітарнымі памяшканнямі і прасторнай аўтастаянкай.

Акрамя класічных экскурсій на рускай і беларускай мовах (з улікам пажаданняў турыстаў) наведвальнікам усіх узростаў прапаноўваюцца захапляльныя квэсты, інтэрактыўныя экскурсіі з элементамі містыкі. Работнікі раённага цэнтра культуры распрацавалі тэатралізаваную гульнявую праграму «Соф’я запрашае». Не мае патрэбы ў рэкламе фестываль «Гальшанскі замак» і «Вечары ў Соф’і Гальшанскай», якія сталі неад’емнай часткай культурнага жыцця Ашмянскага раёна.

У фондах краязнаўчага музея захоўваецца больш за 25000 музейных предметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў. 18 з іх экспертным саветам па пытаннях аднясення музейных прадметаў, уключаных у музейны фонд Рэспублікі Беларусь, прызнаны асабліва каштоўнымі.

Музейная скарбніца пастаянна папаўняецца. Не так даўно дзякуючы неабыякавасці ашмянцаў экспазіцыю папоўнілі вялікая шкляная бутля ў плеценай лазовай карзіне і кавальскія мяхі, якія былі знойдзены на гарышчы нежылога дома ў Каменналогскім сельсавеце. Жаданым экспанатам для залы прыроды стала чучала бабра.

У музеі заўсёды рады як дарослым, так і дзецям. Акрамя аглядавых і тэматычных экскурсій наведвальнікам прапануюць лекцыі, музейныя заняткі, цікавыя квэст-гульні па экспазіцыі і тэрыторыі побач з музеем.

Шмат цікавостак чакае аматараў краязнаўства падчас мерапрыемства «Ноч музеяў». У гэтым годзе паспяхова прайшла прэм’ера музейнага занятку «Легенда пра Ляўко» з дэманстрацыяй тэатра ценяў. Сёння ён даступны ўсім пры ўмове папярэдняга запісу.

Актыўна рэалізуе музей выставачную дзейнасць. Выставы да дзяржаўных свят, важных падзей у гісторыі раёна і юбілейных датаў, творчыя здабыткі цікавых людзей – усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў выставачнай зале музея. Знакавай падзеяй стала адкрыццё ў музеі выставы “Без срока давности”, прысвечанай генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Даспадобы маленькім наведвальнікам прыйшлася выстава «Музей занимательных наук ЭКСПИРИМЕНТУС». Да 140-годдзя ашмянскай царквы быў рэалізаваны сумесны выставачны праект «Пад святою абаронай Спаса…». Зараз у музеі разгарнулася выстава “50 імгненняў: фоталетапіс жыцця народнага паэта Беларусі Якуба Коласа” з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску.

Штодзённая праца калектыву краязнаўчага музея на чале з Настассяй Навіцкай і філіяла «Гальшанскі замак», які ўзначальвае Таццяна Рапецкая, не застаецца незаўважанай. За важкі ўнёсак у захаванне і развіццё нацыянальнай культуры калектыў адзначаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта. У мінулым годзе філіял стаў дыпламантам ХХ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Музей года». Па выніках работы за 2022 год калектыў музея занесены на раённую Дошку гонару.

Апантаны і дапытлівы калектыў краязнаўчага музея заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, а гэта значыць, што і нас чакаюць новыя адкрыцці, незабыўныя сустрэчы і яркія ўражанні.