Галоўная / Навiны / Навiны раёна
27.08.2022

Жніво на Ашмяншчыне набліжаецца да завяршэння

Застаецца абмалаціць крыху больш за 12 працэнтаў плошчаў збожжавых культур. Ураджайнасць -35,7 цэнтнера з гектара, што на 12,3 цэнтнера вышэй леташняй. Ды і па вале, адчуваецца, што возьмуць больш. У засеках-46813 тон, супраць 34944 тон у 2021 годзе.
Чым бліжэй фініш жніва, тым гарачае ў полі. Сонца ў зеніце, ўвесь тыдзень пад 30 градусаў. Збожжа, як адзначаюць камбайнеры, само просіцца ў бункер. Застаецца толькі адказна падысці да ўборкі.
На Ашмянскай зямлі прынята ўшаноўваць лепшых работнікаў уборачнай страды. Тон у арганізацыі сустрэч прама ў полі з экіпажамі камбайнераў задаюць прафсаюзы. Старшыня Ашмянскага райкама прафсаюза работнікаў АПК, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Раіса Турлай адзначае, што камбайнераў і іх памочнікаў, адказна і вынікова працуючых, дадаецца кожны дзень. І прафсаюзныя лідары не скупяцца на словы падзякі ў іх адрас, сустракаюцца, дораць падарункі, дзякуюць за працу.
На працягу пяці гадоў Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі шэфствуе над работнікамі жніва ў перыяд уборачнай кампаніі ў нашым раёне. Кіраўнік галіновага прафсаюза Лела Шпак наведала Ашмяншчыну. Яна сустрэлася з камбайнерамі КСУП «Крэйванцы» Вадзімам Мухо і Андрэем Пяткевічам.  Прафсаюзны лідар у гутарцы з работнікамі адзначыла іх працавітасць і адказнае стаўленне да працы, уручыла падзячныя лісты і падарункі.
Далей сустрэча працягнулася ў КСУП «Кракоўка». Камбайнеры і ўдзельнікі жніва мэтанакіравана рухаюцца да завяршэння ўборкі збожжавых. Засталося зусім няшмат і Кракоўскія намалоты дапоўняць раённы каравай. У полі каля вёскі Анкуды адбылася сустрэча камбайнераў з прафсаюзнымі актывістамі Раісай Турлай, Лелай Шпак, начальнікам райсельгасхарча Андрэем Гардзеем, кіраўніком гаспадаркі Святланай Аўсюкевіч. Да іх далучыліся работнікі культуры аграгарадка Кракоўка. Лела Шпак, кіраўнік абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі, падзякавала вяскоўцам за працу і ўручыла падзячныя лісты і падарункі за актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю і дасягнутыя працоўныя поспехі камбайнерам Дзмітрыю Прадко, Аляксандру і Валерыю Сураўцам. Кіраўнік гаспадаркі Святлана Аўсюкевіч адзначыла лепшых працаўнікоў жніва і ўручыла ім грашовыя прэміі.  У кароткай размове з механізатарамі Андрэй Гардзей, начальнік райсельгасхарчу, выказаў перакананне, што ўборка збожжавых у гаспадарцы будзе паспяхова завершана ў самы кароткі тэрмін. У полі, падчас кароткага перапынку для ўдзельнікаў жніва адбылася міні-канцэртная праграма, падрыхтаваная работнікамі культуры.