Мiстычны iтальянскi скрыпач i кампазiтар, да гэтага часу бударажыць людскiя сэрцы ўласнымi творамi i прымушае задумацца аб патаемным, хаця са дня смерцi генiя мiнула нямала гадоў. Своеасаблiвая, лёгкая манера выканання i вiртуознае валоданне iнструментам зрабiлi Нiкола Паганiнi самым знакамiтым скрыпачом Iталii.
Гэты вiртуозны чалавек зусiм змяняўся, узяўшы ў рукi скрыпку. На канцэртах Паганiнi ствараў сапраўднае шоу. Кожны нумар i выхад ён прадумваў да драбнюткiх дэталяў. Паганiнi ўмеў iмiтаваць гучанне гiтары, флейты, трубы i валторны i мог замянiць сабой аркестр.
Пазнаёмiцца з цiкавымi фактамi з жыцця вялiкага музыканта змаглi навучэнцы ДУА «Гальшанская дзiцячая школа мастацтваў» на творчым вечары, прысвечаным 235–годдзю з дня нараджэння Нiкола Паганiнi. Дзецi даведалiся, што гэты знакамiты музыкант быў не толькi непераўзыдзенным скрыпачом свайго часу, але i кампазiтарам, творы якога адрознiвалiся сваёй эмацыянальнасцю i iмпульсiўнасцю. Што Нiкола Паганiнi пiсаў творы не толькi для скрыпкi, але i для гiтары i фартэпiяна. У ходзе мерапрыемства навучэнцы паслухалi запiсы твораў Нiкола Паганiнi ў выкананнi знакамiтых выканаўцаў Давiда Ойстраха, Леанiда Когана, Дэвiда Гарэта. Праслухалi ўрывак з тэлевiзiйнай лекцыi Мiхаiла Казiнiка «В свободном полёте. Скрипка Паганини».
Напрыканцы вечара вучнi з задавальненнем падзялiлiся сваiмi ўражаннямi ад пачутага, кожнаму хацелася расказаць пра тое, што спадабалася больш за ўсё. У выкананні камернага ансамбля скрыпачоў прагучалі ўрыўкі з твораў Нікола Паганіні «Венецыянскі карнавал» і «Кантабіле».Спадзяемся, што гэты творчы вечар самым найлепшым чынам паўплываў на юных музыкантаў, надаў iм упэўненасцi ў сваiх сiлах i падарыў iм творчае натхненне.