16 лістапада для супрацоўнікаў ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” праведзены семінар “Роля бібліятэчных устаноў раёна ў папулярызацыі экалагічных ведаў”. Работа ў экалагічным накірунку вядзецца адпаведна раённай бібліятэчнай праграмы “Экалогія. Кніга. Грамадства” на 2016 – 2018 гг., часткай якой з’яўляецца і правядзенне семінара бібліятэкараў.
Адкрыла семінар дырэктар ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” Марына Рамуальдаўна Белавус. Наступным было выступленне галоўнага спецыяліста Ашмянскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзя Іосіфавіча Былінскага, які прадставіў “Экалагічнае дасье Ашмянскага раёна”.
Супрацоўнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу быў зроблены аналіз работы бібліятэк у рамках бібліятэчнай праграмы “Экалогія. Кніга. Грамадства” на 2016-2018 гг. (бібліятэкар Галіна Уладзіміраўна Палубінская), прадстаўлены інавацыйныя формы работы бібліятэк па папулярызацыі экалагічных ведаў (загадчык Наталля Віктараўна Садоўская), дадзены метадычныя парады па экалагічным календары на 2018 год (метадыст Алена Іванаўна Гушча). З кніжнай выставай “Экалогія. Бяспека. Жыццё”, пазнаёміла бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алена Іосіфаўна Янкоўская.
Абмяняліся вопытам работы па экалагічным выхаванні чытачоў-дзяцей бібліятэкары сельскіх бібліятэк аг.Крэйванцы і в.Гродзі Валянціна Аляксандраўна Дзядзічкіна і Марыя Іосіфаўна Ганевіч. А супрацоўнікі раённай дзіцячай бібліятэкі г.Ашмяны, на базе якой праходзіў семінар, не толькі расказалі аб сваёй рабоце ў гэтым накірунку, а і прадставілі новую форму масавага мерапрыемства storysack (cторисек) па кнізе К.Паустоўскага “Зайкавы лапы”, якое прайшло з дзецьмі малодшых класаў.
Акрамя таго, з удзельнікамі семінара быў праведзены майстар-клас “Непатрэбны пластык для карыснай справы”. Бібліятэкары таксама змаглі пазнаёміцца з выставай малюнкаў “Свет прыроды вачамі юных мастакоў” і адкрытым праглядам літаратуры “Праз кнігу пазнаём прыроду”; наведалі краязнаўчы музей імя Ф.Багушэвіча і непасрэдна залу “Прырода”.