Ашмяншчына – унікальны рэгіён, здаўна тут жывуць у міры і згодзе прадстаўнікі каталіцтва, праваслаўя, іўдаізму і ісламу. Гэтыя ўмовы навучылі жыхароў сучаснага Ашмянскага раёна талерантнасці, уменню будаваць добрасуседскія адносіны з людзьмі розных канфесій і этнічных груп.
Тэмай мерапрыемства, якое адбылося ў Ашмянскім краязнаўчым музеі 24 лістапада стала культура і звычаі татарскага народа, які жыве на тэрыторы Беларусі ўжо 620 год. Нашчадкі ардынцаў, якія існавалі на працягу стагоддзяў побач з беларусамі, раздзялялі разам з намі ўсе нястачы і радасныя моманты. Татары сталі сапраўнай часткай культуры нашай краіны. Таму невыпадкова мерапрыемства насіла назву “Традыцыі на мове сяброўства”.
Наведвальнікамі мерапрыемства ў пятнічны вечар сталі вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 3 горада Ашмяны, спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама, прадстаўнікі рэдакцыі газеты “Ашмянскі веснік”, а таксама жыхары горада і раёна.
Пазнаёміць гасцей мерапрыемства з гісторыяй і культурай татарскага народа на Беларусі прыйшоў старшыня Рады імамаў мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Радкевіч. Яго захапляльны аповед пра гісторыю, святы, кухню нашчадкаў ардынцаў не пакінуў раўнадушным ніводнага наведвальніка. Акрамя таго, Дзмітрыем Мустафавічам была загаддзя падрыхтавана невялікая кніжная выстава з асабістай бібліятэкі “Навука мудрасці”.
Вядучыя мерапрыемства Настасся Навіцкая і Алена Галамбоўская прапанавалі звярнуцца да дадзеных вядомага публіцыста, краязнаўцы і журналіста, аўтара кнігі “Повят Ашмянскі” Чэслава Янкоўскага. Як вядома, Ашмянскі павет з’яўляўся месцам татарскага асадніцтва яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага. Пра гэта служаць напамінам назвы населеных пунктаў у ваколіцах Крэва, ды і вёска Бянюны сучаснага Ашмянскага раёна з 1748 па 1809 год належала Сабалеўскім з татарскага роду.
- Нажаль, з 40 мячэцяў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі, засталіся адзінкі, – сцвярджае адказны за інфармацыйна-выдавецкі сектар мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Максат Авезаў. Таму выступоўца ўжо даўно працуе над рэканструкцыяй мячэцяў сродкамі сучасных тэхналогій. Некаторыя яго распрацоўкі школьнікі не ўпусцілі шанц ўстанавіць на смартфоны прама на мерапрыемстве.
Завяршылася сустрэча паказам відэафільма пра жыццё татарскай абшчыны суседняга раённага цэнтра – горада Іўе.
Спадзяёмся, што гістарычны хранограф, арганізаваны ўпершыню ў Ашмянскім краязнаўчым музеі будзе мець свой лагічны працяг і стане нагодай зноў сабрацца ва ўтульных залах, каб пагаварыць “на мове сяброўства”.